Калі Баскаў выйшаў на арэну, каб узнагародзіць гомельскага хакеіста, з трыбунаў пачуўся сьвіст і скандаваньне.
Летась Дзьмітры Баскаў стаў фігурантам шэрагу скандалаў. У прыватнасьці, яго апазналі сярод удзельнікаў бойкі на «плошчы Пераменаў», пасьля якой атрымаў сур’ёзныя траўмы і памёр мастак Раман Бандарэнка.
Фанаскапічная экспэртыза, замоўленая Tut.by, пацьвердзіла, што на «зьлітай» у сеціва размове пра абставіны яго затрыманьня сапраўды галасы Дзьмітрыя Баскава і шматразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуты.
Таксама Дзьмітры Баскаў быў сярод арганізатараў аўтапрабегаў за Лукашэнку, падчас аднаго зь іх дэманстратыўна на відэакамэру піў з рыльца гарэлку «Прэзыдэнт».
Латвія, якая разам зь Беларусьсю мелася праводзіць вясной 2021 году чэмпіянат сьвету ў хакеі, унесла Баскава ў сьпіс неўязных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тое, што МАК не жадае прызнаваць сям’ю Лукашэнак на чале НАК Беларусі — важны крок», — Беларускі фонд спартовай салідарнасьціШто вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».