У Менску затрымалі ўдзельнікаў шэсьця ў бел-чырвона-белай вопратцы з парасонамі

Жаночае шэсьце ў Менску на праспэкце Пераможцаў 6 красавіка 2021 году

Сярод затрыманых — чацьвёра з адной сямʼі.

Паводле телеграм-каналу менскай міліцыі, на праспэкце Пераможцаў у Менску затрымалі жанчын, якія шпацыравалі ў бела-чырвонай вопратцы і з парасонамі такіх жа колераў, піша TUT. by.

«У сетцы інтэрнэт зьявілася інфармацыя аб флэшмобе, арганізаваным на праспэкце Пераможцаў, з выкарыстаньнем незарэгістраванай сымболікі, а таксама іншай атрыбутыкі. Супрацоўнікамі міліцыі былі ўстаноўленыя і затрыманыя актыўныя ўдзельнікі так званага жаночага маршу. Характэрна, што частка затрыманых грамадзян зьяўляюцца членамі шматдзетнай сям’і і пражываюць у пабудаваным з дапамогай дзяржаўнай падтрымкі прыватным доме ў Менскім раёне. У ходзе санкцыянаванага агляду названага домаўладаньня выяўлена атрыбутыка, якая асацыюецца з пратэставай», — сказана ў міліцэйскім паведамленьні.

Колькі чалавек затрымана, не ўдакладняецца.

Як даведаліся праваабаронцы «Вясны», сямʼя, пра якую згадалі сілавікі — з Прылуцкай Слабады пад Менскам. Там затрымалі дзьвюх сясьцёр, брата і маці:

  • 30-гадовую Юлію Міхайлаву,
  • 27-гадовага Пятра,
  • 36-гадовую Лілію Субоч, у якой двое непаўналетніх дзяцей.
  • З супрацоўнікамі міліцыі паехала і маці затрыманых Тацьцяна Міхайлава.

У іхным доме правялі ператрус.

Фатаграфіі дзяўчат, якія ў бела-чырвонай вопратцы і з парасонамі такой жа расфарбоўкі шпацыравалі па праспэкце Пераможцаў у Менску, зьявіліся 6 красавіка.

Шэсьце ў Менску пад бел-чырвона-белымі парасонамі. ФОТА