Транспарт па пропусках, падпольныя кавярні, кошт таксі вырас утрая. Як кіяўляне рэагуюць на локдаўн

Кіеў

У Кіеве трэці дзень жорсткіх абмежаваньняў, уведзеных гарадзкімі ўладамі ў адказ на шпаркае распаўсюджваньне каранавірусу.

Ад 5 красавіка ва ўкраінскай сталіцы — локдаўн. Працуюць толькі прадпрыемствы крытычнай інфраструктуры, усе іншыя павінны былі перайсьці на працу ў дыстанцыйным рэжыме. Зачыненыя дзіцячыя садкі, школы, гандлёвыя цэнтры. Графік працы харчовых крамаў не зьмяніўся.

У адрозьненьне ад першага локдаўну, які ўводзіўся год таму, цяпер гарадзкія ўлады вырашылі не спыняць грамадзкі транспарт. Але ім могуць карыстацца па спэцыяльных пропусках толькі супрацоўнікі прадпрыемстваў крытычнай інфраструктуры — мэдычных і лягістычных устаноў, камунальных гаспадарак, банкаў, аб’ектаў энэргетыкі, тэлекамунікацый і вытворчасьці харчаваньня.

Свабода паназірала, як людзі рэагуюць на жорсткія карантынныя абмежаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працяг карантыну ў Польшчы, пратэсты ў Рыме, у ЭЗ правяраюць расейскую вакцыну. Кроніка сусьветнай барацьбы з каранавірусам

Раніца пачынаецца з аўтамабільных затораў

Аўтамабільныя заторы, якія раней былі характэрныя толькі для гадзінаў пік, цяпер трываюць у мэгаполісе цягам амаль усяго сьветлавога дня.

Людзі пераселі ў прыватныя аўтамабілі, бо ня ўсе цяпер могуць скарыстацца грамадзкім транспартам — для яго трэба мець адмысловы пропуск. Гарадзкія ўлады выдалі толькі 400 тысяч дазволаў (насельніцтва Кіева — больш за тры мільёны).

Кошт таксі павялічыўся ў тры разы

На абмежаваны доступ да грамадзкага транспарту імгненна адрэагавалі таксі. У панядзелак кошт іхных паслуг павялічыўся адразу ў тры разы — каб праехаць, напрыклад, тры кілямэтры, трэба было заплаціць 125 грыўняў (1 даляр = 27,8 грыўні). Калі трэба было пераехаць зь левага на правы бераг Дняпра (больш як 11 кілямэтраў), то кошт паездкі перавышаў ужо тысячу грыўняў.

Кіроўцы маршрутак звальняюцца

Кіроўцы грамадзкага транспарту (аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў і маршрутак) мусяць кантраляваць, каб нават па пропусках напоўненасьць транспартных сродкаў не перавышала 50 адсоткаў ад наяўных месцаў.

Такія абмежаваньні часта прыводзяць да канфліктаў між кіроўцамі і пасажырамі, асабліва калі ў апошніх яшчэ і няма пропуску, а ехаць хочацца.

У Асацыяцыі перавозчыкаў Кіева і Кіеўскай вобласьці заявілі, што кіроўцы маршрутных таксі пачалі масава звальняцца, бо ня могуць працаваць у такіх умовах. Шэраг перавозчыкаў папярэдзілі, што могуць збанкрутаваць і што аднавіць пасажырскія перавозкі пасьля карантыну будзе нерэальна, калі не дапамогуць гарадзкія ўлады.

Крымінальная адказнасьць за вынаходніцтва

Да абмежаваньняў рыхтаваліся і вынаходлівыя ўкраінцы. У першы ж дзень карантыну яны наладзілі невялікую «вытворчасьць» спэцпропускаў, а да таго ж — і даведак аб працы на прадпрыемствах крытычнай інфраструктуры.

Пакуль што паліцыя злавіла толькі адну дзяўчыну, 18-гадовую студэнтку. Як выявілася, яна праз інтэрнэт за 5 тысяч грыўняў (менш як 200 даляраў у эквіваленце) надрукавала пропускі для транспарту і даведкі аб працы ў адной з кіеўскіх лякарняў, і прадавала такі камплект за 200 грыўняў. Але пагарэла на месцы гандлю — паліцэйскія ў часе патруляваньня заўважылі падазроны натоўп проста на аўтобусным прыпынку. Цяпер вынаходніцы ў лепшым для яе выпадку пагражае штраф 17 тысяч грыўняў (амаль 600 даляраў), калі не пазбаўленьне волі — падробка дакумэнтаў можа карацца таксама арыштам да шасьці месяцаў або абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Фітнэс і кавярні — у падпольлі

Паводле рашэньняў уладаў, зачыненыя гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры, а таксама кавярні і рэстараны. Але паліцыя сьцьвярджае, што некаторыя зь іх перайшлі ў падпольле.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка папярэдзіў такіх прадпрымальнікаў аб адказнасьці і дадаў, што «неабыякавыя грамадзяне» дапамагаюць паліцыі выяўляць такіх парушальнікаў.

«Калі вы думаеце, што вы хітрэйшыя, то вы памыляецеся. Усе вашыя парушэньні паліцыя фіксуе. Дзякую неабыякавым грамадзянам, якія паведамляюць нам пра дзейнасьць забаўляльных устаноў, аб’ектаў харчаваньня і гандлю», — заявіў Ігар Кліменка. Ён дадаў, што кожны дзень больш як 1200 рэйдавых групаў правяраюць, як аб’екты гаспадараньня выконваюць умовы карантыну.

У Кіеве такім чынам паліцыя спыніла працу аднаго спартовага клюбу, двух рэстаранаў і аднаго гатэля. Іхныя ўласьнікі цяпер вымушаны сплаціць штраф ад 17 да 34 тысяч грыўняў (ад 600 да 1200 даляраў у эквіваленце).

Локдаўн як мінімум да сярэдзіны красавіка

Кіеўская ўлада пачала ўводзіць жорсткія карантынныя абмежаваньні з 20 сакавіка, але ўжо з 5 красавіка яны зрабіліся яшчэ больш суровыя. Паводле папярэдняга рашэньня, яны будуць трываць як мінімум да 16 красавіка. Іх могуць падоўжыць, калі дынаміка распаўсюджваньня каранавірусу захаваецца.

За мінулыя суткі ў сталіцы Ўкраіны выявілі 1417 новых выпадкаў захворваньня на каранавірус, памерлі 45 грамадзян. Усяго за час эпідэміі зь мінулага году ў Кіеве зарэгістравалі 170 517 хворых на COVID-19, а памёр 3701 чалавек.