У Польшчы да 18 красавіка працягнулі ўзмоцнены карантын

У гэтую нядзелю ў Польшчы сьвяткавалі Вялікдзень, і Міністэрства здароўя краіны кажа, што наступствы таго, як паводзілі сябе грамадзяне ў сьвяточныя дні, выявяцца ў статыстыцы COVID на наступным тыдні

Міністэрства здароўя Польшчы абвясьціла аб падаўжэньні ўзмоцненых карантынных захадаў у краіне, зьвязаных з пандэміяй COVID-19, як найменей да 18 красавіка. Паводле паведамленьня Польскага радыё,надалей будуць зачыненыя гатэлі, рэстараны і фітнэс-клюбы.

Як паведаміў міністар здароўя Польшчы Адам Нядзельскі, як толькі сытуацыя дазволіць, урад у першую чаргу паслабіць абмежаваньні ў сфэры асьветы, каб дзеці маглі вярнуцца ў ясьлі, дзіцячыя садкі і на ўрокі ў ад 1-й да 3-й клясах.

«Наступствы таго, як мы паводзілі сябе падчас сьвятаў, мы ўбачым на наступным тыдні. Тады і пераканаемся, ці гэтая трэцяя хваля будзе паступова зьніжацца», — сказаў міністар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы ўвялі новыя правілы для ўезду ў краіну

Кіраўнік польскага Міністэрства здароўя таксама не рабіў прагнозаў наконт травеньскіх сьвятаў.

«Пакуль што занадта рана чакаць, што травеньскія выходныя дні мы правядзем гэтак сама, як два гады таму або раней», — зазначыў Нядзельскі.

Ад 20 сакавіка ў Польшчы на тры тыдні з прычыны павелічэньня колькасьці заражаных каранавірусам улады ўзмацнілі карантын, закрыўшы гатэлі, установы культуры і спорту, абмежаваўшы працу гандлёвых цэнтраў. Таксама вучняў пачатковых клясаў перавялі на дыстанцыйнае навучаньне.