Зьмены ў Працоўны кодэкс: змогуць звальняць за арышты, заклікі да страйку і распаўсюд пэрсанальных зьвестак

Шэсьце рабочых, 17 жніўня 2020

Савет міністраў Беларусі ўнёс зьмены ў Працоўны кодэкс, якія дазваляюць наймальніку звальняць работнікаў за адміністрацыйнае пакараньне або заклікі да страйку. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі папраўкі ў першым чытаньні.

Як вынікае з праекту, апублікаванага на партале pravo.by, урад прапанаваў унесьцi зьмены ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 26 лiпеня 1999 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пяцёра пад арыштам». Што адбываецца з супрацоўнікамі «Беларуськалію», якія далучыліся да страйку

1. Пункт 7 артыкула 42 пасьля абзаца пятага дапоўніць прычынамі, за што прадугледжаныя санкцыі ў выглядзе звальненьня:

  • «Адсутнасьць на працы ў сувязі з адбываньнем спагнаньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, які перашкаджае выкананьню працоўных абавязкаў»;
  • «Прымус да ўдзелу ў страйку, заклік да спыненьня выкананьня працоўных абавязкаў без паважных прычын; удзел працаўніка ў незаконным страйку, а таксама іншых формах адмовы ад выкананьня працоўных абавязкаў (цалкам або часткова)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мякка сказаць, яны збаяліся». Гісторыя звольненага азотаўца з 26-гадовым стажам

Адмова работніка ад дачы пісьмовага паказаньня, немагчымасьць атрыманьня тлумачэньня аб зьдзейсьненай правіне не зьяўляюцца перашкодай для ўжываньня дысцыплінарнага спагнаньня і афармляюцца актам з указаньнем прысутных сьведак, гаворыцца яшчэ ў адной папраўцы.

Таксама ёсьць удакладненьне, што пры правядзеньні страйку «забараняецца агучваць палітычныя патрабаваньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падпісалі ўжо 600 чалавек». Былы амбасадар Астапенка — пра ліст дзяржслужбоўцаў за адстаўку Лукашэнкі і кадравыя рэзэрвы новай Беларусі

Акрамя таго, работнікі суб’ектаў прамысловай бясьпекі, якія маюць небясьпечныя вытворчыя аб’екты, ня маюць права браць удзел у страйках.

Нагодай да звальненьня работніка можа стаць і парушэньне ім «парадку збору, сыстэматызацыі, захоўваньня, зьмены, выкарыстаньня, абязьлічваньня, блякаваньня, распаўсюду ці выдаленьня пэрсанальных дадзеных».