Пэтр Арэнбэргер, кіраўнік аднаго зь вядучых шпіталёў Прагі, прызначаны на пасаду міністра здароўя Чэхіі. Адпаведнае рашэньне прыняў прэзыдэнт краіны Мілаш Зэман. Ён даручыў новаму кіраўніку Міністэрства здароўя выконваць працу ў інтарэсах здароўя чэскіх грамадзян і забясьпечыць даступнасьць вакцын ад каранавірусу, улучна з расейскай «Sputnik V».
Зэман удакладніў, што накіраваў лісты кіраўнікам Ізраілю, Расеі і Кітаю з просьбай аб пастаўках вакцын. «Ідэалягічная істэрыя зусім нелягічная», — сказаў прэзыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Чэхіі запатрабаваў адстаўкі міністра аховы здароўя праз «Спутник V»Папярэднік Арэнбэргера, Ян Блатны, выступаў супраць выкарыстаньня расейскага прэпарату да ўхваленьня яго эўрапейскім рэгулятарам. Прэзыдэнт Зэман і прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш на фоне вельмі павольных тэмпаў вакцынацыі ў краіне і Эўразьвязе крытыкавалі пазыцыю экс-міністра ў дачыненьні да «Sputnik V». Блатны назваў пастанову аб ягонай адстаўцы палітычным рашэньнем, на якое прэм’ер і прэзыдэнт маюць права.
Арэнбэргер раней заяўляў, што дазволіць выкарыстаньне незарэгістраванай у ЭЗ расейскай вакцыны ў рамках клінічных выпрабаваньняў у Чэхіі на добраахвотніках. Для гэтага, паводле яго, будзе дастаткова ўхваленьня з боку чэскага рэгулятара. Атрымаць яго міністар спадзяецца на працягу месяца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Славаччыны сышоў у адстаўку за намер купіць вакцыну «Sputnik V»- Расейскі прэпарат «Sputnik V» праходзіць рэгістрацыю ў Эўрапейскім агенцтве лекавых сродкаў. Калі адабрэньне будзе атрыманае, то прэпарат змогуць выкарыстоўваць краіны Эўразьвязу. Крыніцы Financial Times паведамляюць, што рэгулятар праверыць захаваньне этычных стандартаў пры выпрабаваньнях гэтай вакцыны. Раней суразмоўцы Reuters казалі, што некаторых расейскіх дзяржаўных службоўцаў прымушалі прымаць удзел у выпрабаваньнях. Вытворцы вакцыны гэта абвяргаюць.
- У Чэхіі жыве каля 11 мільёнаў чалавек. Леташняй восеньню ў краіне пачаўся рэзкі рост выпадкаў COVID-19. Паводле апошніх дадзеных, з пачатку пандэміі ў Чэхіі выяўлена больш за паўтара мільёна выпадкаў каранавірусу. Памерлі больш за 27 тысяч чалавек. Узровень сьмяротнасьці ў Чэхіі — адзін з самых высокіх у сьвеце.
- У Эўропе «Sputnik V» самастойна выкарыстоўваюць Вугоршчына і Славаччына. У Славаччыне выкарыстаньне расейскага прэпарату выклікала палітычны крызіс. Прэм’ер краіны Ігар Матавіч сышоў у адстаўку.
- Магчымасьць закупкі «Sputnik V» разглядае Аўстрыя. Пра гэта ў канцы сакавіка заявіў канцлер Сэбастыян Курц. Нямеччына заяўляла пра гатовасьць ужываць расейскую вакцыну пасьля ўхваленьня ў ЭЗ.