6 красавіка з БНТУ звольнены выкладчык Віктар Іванчанка, паведамляе ўнівэрсытэцкі тэлеграм-канал. Ад пачатку леташніх пратэстаў ён адкрыта выказваў сваю пазыцыю, падтрымліваў студэнтаў і калегаў, адбываў адміністрацыйны арышт у СІЗА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнты 15 беларускіх ВНУ запатрабавалі спыніць рэпрэсіі ў навучальных установахЗа ўдзел у адным зь відэазваротаў быў пазбаўлены надбавак на ўвесь акадэмічны год, што склала 1/3 заробку. Выкладчык паспрабаваў аспрэчыць рашэньне ў камісіі па працоўных спрэчках, аднак бясплённа.
Тады ён падаў у суд на БНТУ. У дзень пачатку працэсу яму не дазволілі зрабіць замену, таму раней пайшоў з заняткаў. Вымова стала прычынай для звальненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 выкладчыкаў БДУ запісалі зварот у адказ на перасьлед калег і студэнтаў. ВІДЭАНекаторыя студэнты пракамэнтавалі надзвычайнае здарэньне ў сваёй альма-матэр:
«Адзін зь нямногіх выкладчыкаў, хто сапраўды разьбіраецца ў прадмеце і дае актуальную інфармацыю. Віктар Віктаравіч працуе ў EPAM і вядзе там курсы. Ён даваў студэнтам той матэрыял, які ім сапраўды спатрэбіцца...»
«Па маіх адчуваньнях, ён працаваў на факультэце толькі таму, што любіў студэнтаў. Любіў гуляць з намі ў тэніс, а калі быў куратарам у дзень першакурсьніка, асабіста рыхтоўваў свае групы, прыносіў падарункі ад кампаніі [EPAM], а яшчэ дапамагаў з працаўладкаваньнем...»
«Усё зьменіцца: такія выкладчыкі, як Віктар Віктаравіч, абавязкова вернуцца ў новы БНТУ. А тыя, хто прымаў рашэньні аб незаконным звальненьні, будуць прыцягнутыя да адказнасьці...»
Гэта першае звальненьне ў БНТУ з палітычных матываў. Да таго нязгодныя выкладчыкі пісалі заявы «з уласнага жаданьня».
Тым часам з Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту звольнілі доктара гістарычных навук, этнографа Ўладзімера Лобача, інфармуе «Белсат».
Навуковец адпрацаваў 27 гадоў на гісторыка-філялягічным факультэце — ад моманту яго стварэньня ў Полацку. Уладзімер Лобач адзін з падпісантаў калектыўнай заявы ў абарону бела-чырвона-белага сьцяга.
Загад аб звальненьні падпісаў новы рэктар Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Раманаў. Ён прызначаны на пасаду менш за месяц таму.