Amnesty International пра Беларусь у 2020-м: ганеньні на незалежныя аб’яднаньні, мэдыкаў, журналістаў і нечуваны гвалт

Лягатып Amnesty International.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала даклад аб сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце ў 2020 годзе. У разьдзеле пра Беларусь пералічаны дзясяткі жорсткіх парушэньняў правоў чалавека з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У разьдзеле дакладу пра стан справаў у Беларусі гаворыцца, што мінулы год «быў адзначаны самым абуральным з моманту здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці наступам на свабоды выказваньня думак, мірных сходаў і аб’яднаньняў».

Арганізацыя зафіксавала, што на мірныя пратэсты, якія пачаліся ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, улады адказалі нечуваным гвалтам і рэпрэсіямі.

Сярод парушэньняў Amnesty International называе:

  • адключэньне інтэрнэту;
  • жорсткі кантроль над СМІ: толькі з траўня па кастрычнік мясцовыя назіральнікі зафіксавалі больш за 400 выпадкаў перасьледу, уключаючы затрыманьні, катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня з працаўнікамі СМІ. Пазбаўленьне акрэдытацый журналістаў замежных СМІ, раненьне гумавай куляй журналісткі «Нашай нівы», немагчымасьць друкавацца ў друкарні газэце «КП в Беларуси», пазбаўленьне Tut.by статусу СМІ;
  • жорсткае задушэньне іншадумства: студэнты, выкладчыкі ВНУ, спартоўцы, рэлігійныя і культурныя дзеячы, супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў пазбаўляліся працы. Многія зазналі адміністрацыйны і нават крымінальны перасьлед;
  • рэпрэсіі супраць жанчын паводле гендэрнай прыкметы: пагрозы сэксуальнага гвалту, пагрозы адабраць дзяцей і перадаць іх пад апеку дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International узначаліла францужанка Анес Калямар. Арганізацыя вядзе глябальную кампанію салідарнасьці зь Беларусьсю

Аб парушэньнях уладамі Беларусі свабоды сходаў арганізацыя канстатуе:

  • затрыманьні рабілі зь незаконным прымяненьнем сілы людзі ў цывільным, якія перасоўваліся ў аўтамабілях без апазнавальных знакаў: «прадстаўнікі Amnesty International непасрэдна назіралі, наколькі беспадстаўнымі, адвольнымі і жорсткімі зьяўляліся некаторыя з гэтых затрыманьняў»;
  • сілавікі стралялі па натоўпе гумовымі кулямі з блізкай адлегласьці, выкарыстоўвалі сьвятлашумавыя гранаты, хімічныя раздражняльнікі, вадамёты, аўтаматычную агнястрэльную зброю з халастымі патронамі, дубінкі і іншыя сродкі: «былі забітыя ня менш за чатыры чалавекі, яшчэ некалькі чалавек памерлі пры падазроных абставінах»;
  • падчас акцый прыцэльна перасьледавалі работнікаў СМІ, мэдыкаў-валянтэраў: «часам людзей забіралі на падставе іх сэксуальнай ідэнтычнасьці».

Таксама Amnesty International зьмясьціла ў дакладзе і ціск рэжыму Лукашэнкі на свабоду аб’яднаньняў.

«Улады разгарнулі кампанію жорсткіх ганеньняў на ўсе формы незалежных аб’яднаньняў, якія займаюцца абаронай правоў чалавека і знаходзяцца ў мірнай апазыцыі рэжыму, уключаючы назіральніцкія ініцыятывы, выбарчыя штабы апазыцыйных палітыкаў і незалежныя прафсаюзы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба атакаваць». Адзін зь лідэраў сэрбскай рэвалюцыі — пра Беларусь, «руку Масквы» і стратэгію перамогі

Сярод фактаў адзначаны:

  • арышты па сфальсыфікаваных абвінавачаньнях апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты і іх паплечнікаў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай і многіх іншых;
  • прымусова выслалі з краіны некалькі чалавек, у тым ліку Сьвятлану Ціханоўскую; шмат хто быў вымушаны зьехаць, баючыся перасьледу і пасьля пагроз;
  • распачатыя крымінальныя справы на прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, праваабаронцаў.

«Прадстаўнікі ўладаў сыстэматычна ўжывалі катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня да затрыманых на акцыях пратэсту, у тым ліку ўдзельнікаў, журналістаў і выпадковых мінакоў. Мясцовыя і міжнародныя арганізацыі задакумэнтавалі сотні выпадкаў па ўсёй краіне», — гаворыцца ў дакладзе.

У разьдзеле пра катаваньні арганізацыя адзначае:

  • экспэртам ААН у правах чалавека паступіла 450 сьведчаньняў аб жорсткім абыходжаньні з затрыманымі, падмацаваных фота- і відэадоказамі, а таксама мэдычнымі даведкамі, што пацьвярджаюць доўгі сьпіс жахлівых злоўжываньняў;
  • пратэстоўцаў прыніжалі, катавалі і жорстка зь імі абыходзіліся пры затрыманьні, перавозцы і ў ізалятарах;
  • на працягу доўгага часу знаходжаньня пад вартай не давалі ім ежы, чыстай вады і не надавалі мэдычнай дапамогі;
  • затрыманых пазбаўлялі права інфармаваць сваякоў пра сваё месцазнаходжаньне, не давалі зьвязвацца з адвакатамі;
  • не дастаўлялі перадачы і лісты, цёплую вопратку і сродкі гігіены, у тым ліку ў час мэнструальнага цыклю ў жанчын.

«Улады Беларусі прызналі, што ў сувязі з пратэстамі ім паступіла каля 900 скаргаў на сваволю міліцыі. Аднак па стане на канец 2020 году не заведзена ніводнай крымінальнай справы, ніводнаму супрацоўніку праваахоўных органаў не прад’явілі абвінавачаньня ў адпаведных парушэньнях».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША гаворыцца пра забойствы і катаваньні ў Беларусі і беспакаранасьць за іх

У дакладзе Amnesty International адзначае, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе і на тэрыторыі былога СССР, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне: на канец году налічвалася ня менш за 4 асуджаных на сьмерць. Цягам году былі вынесены як мінімум тры сьмяротныя прысуды, два зь якіх — братам у веку 19 і 21 гадоў.

У разьдзеле «Права на здароўе» арганізацыя крытыкуе «неналежную» рэакцыю беларускага ўраду на пандэмію COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто з сусьветных лідэраў найбольш апантана адмаўляе COVID