Кіраўнік БДІПЧ АБСЭ заявіў, што ўлады Беларусі не выконваюць міжнародных абавязаньняў

Матэа Мэкачы, архіўнае фота

Шматлікія паведамленьні пра крымінальныя абвінавачваньні, адміністрацыйныя затрыманьні, запалохваньні і перасьлед беларускіх грамадзян і праваабаронцаў, якія паступілі ў апошнія месяцы, выклікаюць усё большую заклапочанасьць. Пра гэта гаворыцца ў заяве дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Матэа Мэкачы, якую цытуе агенцтва БелаПАН.

Як адзначыў Мэкачы, ахвярамі парушэньняў правоў чалавека сталі тысячы людзей, якія бралі ўдзел у мірных пратэстах са жніўня мінулага году. Паводле яго, улады Беларусі абавязаліся паважаць права на мірныя сходы і выказваньне сваіх поглядаў, аднак, на жаль, рэальнасьць сьведчыць пра выкарыстаньне масавых арыштаў, празьмернай сілы і неабгрунтаваных пакараньняў. «Усе, хто быў затрыманы незаконна, павінны быць неадкладна вызваленыя», — падкрэсьліў дырэктар БДІПЧ.

Мэкачы дадаў, што таксама паступалі паведамленьні пра «дыскрымінацыю і напады з боку ўладаў на прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў, у апошні час — на польскую супольнасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры якіх умовах улады могуць пайсьці на перамовы? Тлумачыць аналітык

Занепакоенасьць бюро выклікае і інфармацыя аб рыхтаваных папраўках у закон аб адвакатуры, якія прадугледжваюць забарону адвакатам, якія ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць індывідуальна, і адвакацкім бюро абараняць абвінавачаных па крымінальных і адміністрацыйных справах. На думку БДІПЧ АБСЭ, калі такая норма будзе прынятая, гэта прывядзе да парушэньня правоў грамадзян на атрыманьне юрыдычнай дапамогі.

«Я ўстрывожаны адсутнасьцю расьсьледаваньня многіх заяў аб катаваньнях і іншых формах жорсткага абыходжаньня і беспакаранасьцю вінаватых, нягледзячы на тысячы скаргаў, пададзеных меркаванымі ахвярамі, — заявіў Мэкачы. — У той жа час я хацеў бы падкрэсьліць, што мы па-ранейшаму гатовыя дапамагчы Беларусі ў павышэньні павагі да правоў чалавека і ўмацаваньні дэмакратычных інстытутаў у адпаведнасьці з узятымі краінай абавязаньнямі, напрыклад, шляхам маніторынгу судовых працэсаў і перагляду заканадаўства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША прыгразілі аднавіць санкцыі супраць 9 беларускіх прадпрыемстваў, калі Менск ня выпусьціць палітвязьняў