Першапачаткова Каралёва плянавала ўдзельнічаць у фэстывалі. Яшчэ 30 сакавіка са спасылкай на афіцыйны сайт форуму пра гэта напісала «Российская газета». Каралёва значылася ў праграме канцэрту «Залаты хіт», які адбудзецца 17 ліпеня, піша Tut.by.
Але 6 красавіка імя сьпявачкі сярод удзельнікаў гэтага канцэрту зьнікла. У афіцыйнай суполцы Каралёвай «УКантакце» патлумачылі, што артыстка ў Віцебск не прыедзе.
Раней карыстальнікі зь Беларусі сталі актыўна камэнтаваць сацыяльныя сеткі Каралёвай. Яны прасілі яе і іншых запрошаных на фэстываль не прыяжджаць у гэты момант, каб «не падтрымліваць дыктатуру, а падтрымаць беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і жыцьцё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сапраўдны конкурс — „Славянскі базар“», — міністар культуры пра выключэньне Беларусі з «Эўравізіі»Хто яшчэ адмовіўся?
Сярод тых, каго арганізатары «Славянскага базару» анансавалі ў папярэдняй афішы на сайце фэстывалю, прыяжджаць у Віцебск у 2021 годзе ўжо адмовіліся амаль два дзясяткі выканаўцаў і вядоўцаў. Таму праграма зазнае моцную перапрацоўку.
Удзельнічаць у фэстывалі адмовіліся ўкраінскія выканаўцы Maruv, Алег Віньнік, Эліна Івашчанка, сьпявак з Казахстану Дзімаш Кудайберген, славуты актор і сьпявак з Грузіі Вахтанг Кікабідзэ, расейскія артысты Стас П’еха, Аляксандар Буйноў, Міхаіл Галусьцьян, Зара, Аліна Артц, Сяргей Пенкін, Emin, гурт «Рондо» і беларускі сьпявак Homie.
Расейская поп-сьпявачка Аніта Цой адкрыта ад выступленьня не адмовілася, але заявіла, што сочыць за сытуацыяй.
«Мне вельмі хочацца, каб да ліпеня ў Беларусі і людзі супакоіліся, і ўвесь кіпіш з нагоды „Славянскага базару“ аціх — трэба ўсё ўспрымаць прасьцей!» — патлумачыла выканаўца ў камэнтары dni.ru.
Шоўмэн Цімур Мірашнічэнка, які больш за 10 гадоў вёў «Славянскі базар» ад Украіны, на гэты раз адмовіўся прыяжджаць у Віцебск. На замену яму на фэстываль запрасілі Андрэя Даманскага, але неўзабаве адмовіўся і ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэкцыя «Славянскага базару» наракае, што «прыхільнікі апазыцыі» замінаюць падрыхтоўцы фэстывалю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі комік адхрысьціўся ад «Славянскага базару». Дырэкцыя «працуе» над такім паваротам