«Вывучаем іх дзейнасьць». Міністэрства адукацыі абвяргае інфармацыю пра ліквідацыю ліцэяў

Ілюстрацыйнае фота

Ліцэй № 1, які першым паведаміў пра гэта, заявіў, што іх сайт узламалі.

5 красавіка на сайце менскага ліцэю № 1 зьявілася інфармацыя, што набору навучэнцаў у дзясятыя клясы сёлета ня будзе. Пасьля гэтага на розных пляцоўках пайшлі чуткі, што нібыта з наступнага навучальнага году ліквідуюць усе гарадзкія ліцэі.

У самым менскім ліцэі № 1 патлумачылі зьяўленьне інфармацыі аб спыненьні прыёму дакумэнтаў тым, што іх сайт нехта ўзламаў. Насамрэч яны плянуюць набор у 10-я клясы і ў 2021 годзе.

Рэпэтытар і стваральнік адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт у фэйсбуку напісаў, што магчымая ліквідацыя ліцэяў для беларускай адукацыі прынясе катастрафічныя наступствы.

Міністэрства адукацыі прызнала, што ў цяперашні час вывучае дзейнасьць ліцэяў, якія рэалізуюць праграму агульнай сярэдняй адукацыі.

Вывучэньне праводзяць з мэтай «выстройваньня агульнай сыстэмы іх функцыянаваньня, удасканаленьня ўступнай кампаніі, вызначэньня месца і ролі ліцэяў пры вышэйшых навучальных установах, у Менску, абласных і раённых цэнтрах, у складзе якіх ёсьць альбо адсутнічаюць інтэрнаты», як заявіў міністар Ігар Карпенка, словы якога прыводзіць «Інтэрфакс-Захад».

Карпенка дадаў, што ў плянах аптымізацыі, узгодненых Міністэрствам адукацыі, «закрыцьцё альбо рэарганізацыя якіх-небудзь агульнаадукацыйных ліцэяў адсутнічае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся набор на праграму Каліноўскага ў Польшчы для рэпрэсаваных студэнтаў і ліцэістаў-«коласаўцаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аптымізуем іншыя расходы». Мінадукацыі Беларусі заблякавала рашэньні ВНУ аб росьце аплаты за навучаньне