Зь міліцыі ў шпіталь, зь лякарні ў ізалятар
Аляксея Барысава затрымалі раніцай 23 сакавіка ля дому, калі ён выходзіў на працу. Як сьцьвярджае мужчына, дарогай ва ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю яго біў адзін зь міліцыянтаў за тое, што падымаў галаву. Пасьля допыту затрыманага даставілі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Там яму стала кепска, і хуткай дапамогай яго прывезьлі ў абласны шпіталь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскі актывіст, які трапіў у шпіталь, заявіў, што яго пабіў міліцыянтУ лякарні ў Барысава дыягнаставалі гіпэртанічны крыз, зафіксавалі гематому ды кантузію вока. Лячылі яго шэсьць дзень. 29 сакавіка яму выдалі на рукі выпіску, і тут жа зьявілася міліцыя. Затрыманага суправадзілі ў Ленінскі аддзел унутраных спраў гораду, а там праз скайп разгледзелі супраць яго адміністрацыйную справу за публікацыю ім зьвестак з Рэспубліканскага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Па словах Барысава, тая публікацыя зьявілася ў адным з дваровых чатаў у ліпені 2020 году. Прысудзілі 7 дзён адміністрацыйнага арышту.
Два разы на ноч рабілі пераклічку па камэры
Да раніцы 30 сакавіка яго трымалі ў «малпоўні» ў міліцэйскім пастарунку, а ўдзень даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Кажа, што першыя дні ўмовы там былі цярпімыя, нават вадзілі ў душ. Потым стаўленьне ахоўнікаў кардынальна зьмянілася.
«Па чатыры разы на дзень нас выводзілі з камэраў надглядаць на калідоры. Прагулак не давалі, — кажа Барысаў. — На ноч уключалі зыркае асьвятленьне. Забралі пасьцельную бялізну. Штодня перасялялі ў новую камэру. У адной былі клапы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праект 23.34 падрыхтаваў справаздачу на падставе гісторый 5 тысяч затрыманых. Пра што яна сьведчыцьПа словах суразмоўцы, у камэры пастаянна было на аднаго чалавека больш, чым ложкаў. Удзень ахоўнікі забаранялі ляжаць і сядзець на іх, толькі на лаўцы за сталом. Спаць удзень таксама не давалі. Тым часам два разы на ноч рабілі пераклічку па камэры. Людзі не высыпаліся. Курцам не дазвалялі курыць.
«Сёньня забаранілі ўначы таму, хто спаў на лаўцы, падкладаць пад галаву куртку, — апавядае далей Барысаў. — Загадалі, каб адзежа вісела на вешалцы. Раілі пад галаву класьці тапкі».
Не далі прылегчы зь ціскам, ня ўсё аддавалі зь перадач, пагрозы зьняволенаму перакладчыку
Аляксей кажа, што ў адзін зь дзён яму стала кепска, бо ахоўнікі не далі ў час лекі, прапісаныя ў лякарні. Сукамэрнікі забілі трывогу. Яго ў кайданках звадзілі да ўрача, а потым з высокім ціскам не далі прылегчы, а параілі прытуліцца да сьцяны.
Паводле Барысава. ня ўсё зь перадачаў прыносілі асуджаным. Сыр, які перадала яму жонка, прапаў у ячэйцы захоўваньня. Аддалі, толькі як выпускалі. На волю Барысаў выйшаў 5 красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бабруйскім ізалятары абвясьцілі галадоўку пяць асуджаных за Дзень ВоліАпавядаючы пра зьняволеньне, ён асобна згадвае сукамэрніка Анатоля Прасаловіча. Кажа, што міліцыянты пагражаюць Прасаловічу пакараньнем адразу па некалькіх адміністрацыйных справах ды страшаць нават крымінальным перасьледам і тым, што «згнояць у ізалятары». Прасаловіч ужо асуджаны паводле двух прысудаў на 14 дзён арышту за рэпост публікацыі з Рэспубліканскага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў і здымка з нацысцкай сымболікай.
Прасаловіч пашырыў рэпартаж пра выставу пратэставага мастацтва ў Токіё. Затрымалі яго 27 сакавіка. Ён перакладчык, краязнаўца ды актывіст Таварыства беларускай мовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскаму перакладчыку дадалі «суткі» за рэпост публікацыі