COVID: недавер да AstraZeneca; Эўропа адстае; «лідэры постпандэмійнага сьвету»

Cтанам на 4 красавіка 2021 колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце перавысіла 131 млн чалавек. Ахвярамі сталі 2,86 млн чалавек, 105 млн ачунялі, 98 тысяч знаходзяцца ў цяжкім стане.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, захварэлі 327 тысяч чалавек, памерлі — 2285, паправіліся — 318 тысяч. Афіцыйная статыстыка каранавірусу, якую публікуюць улады Беларусі, часта атрымлівае крытыку за заніжэньне лічбаў ад незалежных мэдыкаў.

Адным сказам:

  • Каля 70% пацыентаў, абсьледаваных у адным са шпіталяў Токіё ў мінулым месяцы, мелі мутацыю каранавірусу «Eek», якая зьніжае абарону ад вакцын.
  • 2 красавіка зарэгістравалі рэкордную сутачную колькасьць заражэньняў каранавірусам — 42 308 выпадкаў — у Турэччыне, якая праводзіць вакцынацыю прэпаратамі Pfizer і BioNtech.
  • Нідэрлянды прыпынілі вакцынацыю прэпаратам AstraZeneca да 7 красавіка.
  • Сем чалавек памерлі ў Вялікай Брытаніі ад тромбаў у крыві пасьля атрыманьня вакцыны AstraZeneca, паведаміў брытанскі рэгулятар лекаў MHRA 2 красавіка.
  • Пастаянны камітэт у справе імунізацыі ў Нямеччыне рэкамэндаваў, каб тым, хто ва ўзросьце да 60 гадоў прыняў першую дозу вакцыны AstraZeneca, атрымлівалі як другую дозу прэпарат Pfizer або Moderna.
  • 2 красавіка ў Індыі зарэгістравалі 81 466 новых заражэньняў каранавірусам, што зьяўляецца рэкорднай колькасьцю за апошнія шэсьць месяцаў.
  • САЗ раскрытыкавала «недапушчальна павольны» тэмп прышчэпак ад COVID-19 у Эўропе: пакуль толькі 10 адсоткаў з 900 мільёнаў насельніцтва атрымалі адну дозу вакцыны, а ўсяго 4 адсоткі былі прышчэпленыя цалкам.

Прагноз: «лідэрамі постпандэмійнага сьвету» будуць ЗША і Кітай

У 2021 годзе краіны сьвету будуць хутка аднаўляць сваю эканоміку пасьля выкліканага пандэміяй каранавіруснага крызісу, аднак астатнія краіны могуць адстаць ад «лідэраў постпандемійнага сьвету» — ЗША і Кітаю.

Гэта зьвязана з тэмпамі вакцынацыі насельніцтва супраць COVID-19 і жорсткай манэтарнай палітыкай, піша агенцтва Bloomberg.

Экспэрты прагназуюць, што ў цэлым аднаўленьне сусьветнай эканомікі будзе ісьці рэкорднымі тэмпамі і яе рост складзе рэкордныя за больш як паўстагодзьдзя 6,9 працэнта.

Галоўным рухавіком аднаўленьня стануць ЗША, у той час як эканомікі такіх краін, як Францыя, Нямеччына, Італія, Вялікая Брытанія і Японія, працягнуць скарачацца. Сярод краінаў наперадзе ўсіх будзе Кітай, які змог перамагчы эпідэмію COVID-19, а Бразылія, Індыя і Расея, лічаць экспэрты, будуць «відавочна саступаць».

Шмат у чым аднаўленьне эканомікі будзе залежаць ад таго, як хутка краінам удасца вакцынаваць значную частку свайго насельніцтва. Паводле зьвестак экспэртаў Bloomberg, у ЗША прышчэпленая амаль чвэрць насельніцтва, у той час як у Эўразьвязе гэты паказьнік яшчэ не дасягнуў 10 працэнтаў, у Мэксыцы, Бразыліі і Расіі — 6 працэнтаў.

Другая прычына, чаму многія краіны пачнуць адставаць ад ЗША і Кітая, — розная фінансавая палітыка. На думку галоўнага эканаміста JPMorgan Chase Бруса Касмана, у 2020 годзе большасьць цэнтральных банкаў, у тым ліку ў Турэччыне, Бразыліі і Расеі, у адказ на выкліканы пандэміяй крызіс зьнізілі працэнтныя стаўкі, але цяпер пачалі рабіць больш жорсткай манэтарную палітыку, баючыся паскарэньня інфляцыі або адтоку капіталу.