Суд Заводзкага раёну Менску 2 красавіка аштрафаваў актывістку руху «За свабоду», маці пяцярых дзяцей Іну Дабратвор на 200 базавых велічынь (5800 рублёў). За вывешаныя на акне партрэты Святланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай, Віктара Бабарыкі і герб «Пагоня» на яе былі складзеныя тры пратаколы.
На азнаямленьне з матэрыяламі справы судзьдзя Алена Някрасава адвяла сем хвілін, паведаміў БелаПАН Інін муж, журналіст-фрылансэр Ільля Дабратвор.
Іну Дабратвор прызналі вінаватай па ч. 3 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, зьдзейсьненае паўторна).
«Па дадзеным правапарушэньні Іну ўжо аштрафавалі на 200 базавых. Фактычна чалавека караюць за адно і тое ж. Гэта юрыдычны казус сусьветнага ўзроўню. Гэтае рашэньне Някрасавай будуць вывучаць у сусьветных інстытутах як прыклад таго, як рабіць нельга», — лічыць Ільля Дабратвор.
25 сакавіка актывістку аштрафавалі за гэткае ж правапарушэньне па гэтым жа артыкуле на такую ж суму. «Гэта вельмі дарагі тэатар, квіток у які каштуе 200 базавых. Дорага і неэфэктыўна. Прыйшоў час яго расфармаваць», — сказала тады БелаПАН Іна Дабратвор.