Кансультант Радыё Свабода, палітвязень Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году — 281 дзень. Тыдзень таму ён пачаў знаёміцца з матэрыяламі абвінавачваньня. Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала Свабодзе пра апошнія навіны ад мужа.
«Учора Ігар атрымаў дзесяць лістоў, але мае яму па-ранейшаму не даходзяць, — кажа Дар’я. — Апошні быў на пачатку сакавіка, 8 чысла. Я ад яго таксама не атрымала. Зараз Ігар працягвае знаёміцца з матэрыяламі справы, разам з адвакатам. Як шмат яны ўжо вывучылі, не магу сказаць, ня ведаю гэтага. На здароўе Ігар ня скардзіцца. Перадачы яму прымаюць без пытаньняў. Я перадала і прадукты, і абутак вясновы таксама».
Новае, трэцяе абвінавачаньне Ігару Лосіку прад’явілі 11 сакавіка. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.
Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году ў яго доме ў Баранавічах. У той жа дзень стала вядома, што ў дачыненьні да Лосіка завялі крымінальную справу па артыкуле 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». 15 сьнежня Ігару Лосіку прад’явілі новае абвінавачаньне па 293 артыкуле КК — «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». У знак пратэсту Ігар Лосік абвясьціў бестэрміновую галадоўку, адмаўляўся ад ежы 42 дні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настрой бадзёры, а са здароўем праблемы». Мікалай Дзядок стаў фігурантам яшчэ адной крымінальнай справыКрымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.