Міністар высокатэхналягічнай прамысловасьці Армэніі Акоп Аршакян падаў у адстаўку пасьля таго, як ударыў журналіста і скінуў са стала яго кампутар. Інцыдэнт адбыўся 19 сакавіка, адстаўка – 31 сакавіка, перадае Армянская служба Радыё Свабода.
«Як грамадзянін Рэспублікі Армэнія лічу непрымальным прымяненьне гвалту з боку службовай асобы ў дачыненьні да іншага грамадзяніна. Мы павінны рухацца па шляху фармаваньня грамадзтва бяз гвалту», – заявіў 35-гадовы чыноўнік у фэйсбуку. На яго месца 1 красавіка быў прызначаны губэрнатар Тавушскай вобласьці.
Інцыдэнт з нападам адбыўся ў кавярні ў Ерэване. Журналіст з уключанай камэрай падышоў да міністру, які абедаў, і спытаўся ў яго, чаму той не працуе ў працоўны час.
Міністар адказаў яму, што працуе заўсёды, журналіст у адказ заявіў, што ў чыноўнікаў ёсьць фіксаваны працоўны час. Пасьля гэтага Аршакян падняўся ўсьлед за журналістам на другі паверх кавярні, ударыў яго і сьпіхнуў яго кампутар на канапу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіў 3 гады калёніі блогерам Кабанаву і Пятрухіну