Штогод каля 900 тысяч украінскіх чыноўнікаў запаўняюць электронныя дэклярацыі, якія становяцца даступнымі для вывучэньня пасьля іхнай публікацыі на афіцыйным партале Нацыянальнага агенцтва папярэджаньня карупцыі. Гэтая самая структура праводзіць абавязковую іх праверку на прадмет утойваньня маёмасьці і незаконнага ўзбагачэньня. Летась на 65 дзяржаўных службоўцаў завялі крымінальныя справы за незаконнае ўзбагачэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны палітык — трошкі Януковіч, — найважнейшае пра ўкраінскую кампанію электроннага дэкляраваньняСвабода высьветліла, якую беларускую маёмасьць і бізнэс дэкляруюць украінскія чыноўнікі і іхныя сваякі — ад вышэйшых адказных асобаў да вядучых спэцыялістаў дзяржаўных органаў і дэпутатаў мясцовых радаў.
Беларускія выданьні і траставыя рахункі
Найбуйнейшы ўладальнік «беларускай уласнасьці» — Віктар Медзьвядчук, кіраўнік партыі «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“», кум расейскага прэзыдэнта.
Разам са сваёй жонкай Аксанай Марчанкай ён трымае частку сваіх грошай у беларускім «Абсалютбанку», які належыць бізнэсоўцу Мікалаю Вараб’ю. А зь мінулага году ў гэтай фінансавай установе Медзьвядчук і Марчанка адкрылі два рахункі траставага фонду, з чаго вынікае, што за некалькі месяцаў да ўвядзеньня ўкраінскімі ўладамі санкцый супраць яго яны перадалі свае правы на кіраваньне шматлікім бізнэсам, раскінутым па большай частцы афшорных зонаў Эўропы і Расеі. У Беларусі сужэнцы бізнэсу ня маюць.
У 2019 годзе Віктар Медзьвядчук трымаў у гэтым банку 24 325 расейскіх рублёў і 850 033 эўра, а ягоная жонка — 4 012 487 эўра. Летась гэтыя ашчаджэньні істотна скараціліся — да 23 866 расейскіх рублёў і 48 446 эўра ў Віктара Медзьведчука і да 108 931 эўра ў Аксаны Марчанкі. Грошы «пераехалі» на даверчыя траставыя рахункі — 143 эўра ўкраінскага палітыка, а таксама 784 128 544 расейскія рублі і 2 100 000 эўра — ягонай жонкі. У траставы фонд, створаны ў Беларусі ў кастрычніку 2020-га, сужэнцы інвэставалі 25 168 350 грыўняў.
Віктар Медзьвядчук і Аксана Марчанка маюць вялікую бібліятэку, у якой захоўваюцца тры выданьні, як мяркуецца, беларускага паходжаньня. «Віленскае Эвангельле» 1575 году, выдадзенае беларускім друкаром і перакладчыкам Пятром Мсьціслаўцам, «Эвангельле навучальнае» 1580 году віленскага друкара Васіля Гарабурды і яшчэ адно вельмі рэдкае выданьне, зьвязанае зь Беларусьсю — «Белавеская пушча». Апошняе было надрукавана ў 1903 годзе мінімальным накладам — 300 асобнікаў. Яно лічыцца ўнікальным сярод кніг аб імпэратарскіх паляваньнях, што выдаваліся для падарункаў высокапастаўленым асобам. Яе аўтар — Георгі Карцоў, вядомы дзяяч грамадзкага паляўнічага руху Расеі, мастак, літаратар і кіноляг.
У дэклярацыі не пазначаецца, калі Медзьвядчук і Марчанка сталі ўласьнікамі гэтых выданьняў. Не пазначана таксама і цана, за якую яны іх купілі.
Аднапартыец Медзьведчука і ягоны бізнэс-партнэр Тарас Казак падзяліў свае грашовыя актывы ў Беларусі між двума банкамі — у «Абсалютбанку» Мікалая Вараб’я ён трымае 8 211 225 даляраў і 8 796 786 эўра, а ў «МТБ-банку» Аляксея Алексіна — 1 024 712 даляраў.
Адметна, што Тарас Казак у 2020 годзе патраціў у Беларусі амаль 300 мільёнаў грыўняў на аплату паслуг (абмен валюты, арэнда маёмасьці, авіяпаслугі і інш.), у тым ліку 806 641 грыўню за навучаньне (імаверна, ягоная дачка Марыя вучыцца ў Беларусі) і 422 082 грыўні за адпачынак у лютым. У лістападзе 2020-га ён заплаціў 349 412 грыўняў за «рухомую маёмасьць», набытую для перадачы ў выглядзе дабрачыннай дапамогі. Але каму і чым дапамагаў Тарас Казак, невядома.
Бізнэс і патэнты
Даніла Гетманцаў, які ўзначальвае парлямэнцкі камітэт у пытаньнях фінансаў, падатковай і мытнай палітыкі, прадстаўляе цяперашнюю партыю ўлады «Слуга народу». Да палітычнай дзейнасьці ён займаўся падатковай юрыдычнай практыкай і выкладаў у Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце. Свайго бізнэсу ў Беларусі ня мае, але ягоная маці Алена Гетманцава зьяўляецца бэнэфэцыярнай уласьніцай турыстычнай кампаніі Travel Professional Group LLC з галоўным офісам у Менску.
Пятро Парашэнка ў час свайго прэзыдэнцтва стварыў у Беларусі ТАА «Рошэн-Бел». У ягонай дэклярацыі аб даходах у 2017 годзе пазначана, што менавіта ён зьяўляўся канцавым бэнэфіцыярным уласьнікам гэтага беларускага прадпрыемства. Адметна, што пасьведчаньне аб рэгістрацыі гэтай кампаніі было выдадзена 20 ліпеня 2017 году, а ўжо на наступны дзень, 21 ліпеня, Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Кіеў зь візытам.
У 2016 годзе Пятро Парашэнка заяўляў, што перадаў кампанію «Рошен» ў даверчую ўласнасьць кампаніі Rothschild Trust Schweiz AG. Аднак пасьля паразы на прэзыдэнцкіх выбарах у 2019 годзе гэты бізнэс ён перапісаў на старэйшага сына Аляксея.
Вядомыя ва Ўкраіне бізнэсоўцы і дэпутаты Вярхоўнай Рады браты Дубневічы, Яраслаў і Багдан, неаднойчы станавіліся аб’ектамі журналісцкіх карупцыйных расьсьледаваньняў, зьвязаных з тэндэрамі для Ўкраінскай чыгункі. Але, паводле іхных дэклярацый, адзінае што зьвязвае іх зь Беларусьсю — зарэгістраваныя там чатыры патэнты: на прамысловыя ўзоры анкера для рэйкавага змацаваньня, клемы, падрэйкавай пракладкі і ізаляцыйнай падспружыннай укладкі.
Цяпер Яраслаў Дубневіч прадстаўляе ў парлямэнце дэпутацкую групу «За будучыню», а Багдан працуе старшынём адной з сельскіх радаў на Львоўшчыне. Абодва ў мінулым складзе Вярхоўнай Рады ўваходзілі ў склад фракцыі Пятра Парашэнкі.
Патэнты ў Беларусі рэгіструюць і шмат украінскіх навукоўцаў. Напрыклад, Ала Емец, якая працуе загадчыцай аддзелу ў Інстытуце харчовай біятэхналёгіі і геномікі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, мае беларускі патэнт на сваю вынаходку — спосаб стымуляваньня ўтварэньня каранёў у парастках ільну, атрыманага з калюснай культуры in vitro.
Кадры для БелАЭС
Дэклярацыі ўкраінскіх чыноўнікаў пацьвярджаюць той факт, што Беларусь для запуску сваёй атамнай электрастанцыі падбірала супрацоўнікаў у розных краінах, у тым ліку і ва Ўкраіне, магчыма, абяцаючы ім большыя заробкі.
Ускосна пра гэта сьведчыць дэклярацыя Ірыны Малчанавай, якая працавала дзяржаўнай фіскальнай інспэктаркай у Мікалаеўскай вобласьці. Ейны муж Паўло з 2019 году працуе на Беларускай АЭС, на якой ён у 2019-м атрымаў 121 110 грыўняў заробку і 774 247 грыўняў — у 2020-м. (У дэклярацыях пазначаецца эквівалент у нацыянальнай валюце, афіцыйны курс $1 = 27,80 грыўні. — РС).
На Паўднёва-Ўкраінскай АЭС ягоны гадавы заробак у 2018 годзе склаў 489 тысяч грыўняў, што амаль удвая менш за цяперашнія беларускія даходы. У сьнежні ў Астраўцы ён атрымаў ад БелАЭС службовую кватэру плошчай 74,9 кв. мэтра. Сужэнцы маюць дзьве кватэры ў Львове і адну ў Южнаўкраінску.
Кватэры, будынкі і рахункі чыноўнікаў ніжэйшых рангаў
Маёмасныя сувязі зь Беларусьсю маюць і многія чыноўнікі ніжэйшых рангаў — судзьдзі, вядучыя спэцыялісты дзяржаўных органаў, старасты, дэпутаты мясцовых радаў.
Судзьдзя Гаспадарчага суду Кіева Інга Ўсаценка, апроч пяці кватэр у Кіеве, мае у вёсцы Людзеневічы Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці жылы будынак плошчай 41 квадратны мэтар і зямельны ўчастак на правах арэнды плошчай 2500 квадратных мэтраў. Паводле дэклярацыі, права на ўласнасьць будынку яна атрымала ў 2002 годзе.
Аляксандар Сколкаў, экс-дэпутат Шаўчэнкаўскай раённай рады ў Дняпры, з 18 верасьня 2015 году мае 35% у вытворчым ТАА «Фокс», зарэгістраваным у Гомлі. У 2020 годзе ён атрымаў 594 583 грыўні дывідэндаў з гэтага прадпрыемства.
Марына Трайная (укр. Тройна), галоўная спэцыялістка аддзелу эканамічнага разьвіцьця і прадпрымальніцтва раённай адміністрацыі Запароскай гарадзкой рады па Дняпроўскім раёне у 2016 годзе за 6 718 грыўняў набыла жылы дом плошчай 30,7 кв. м і арандуе зямельны участак 1 993 кв. м у аграгарадку Міхалішкі Астравецкага раёну Гарадзенскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкордны хабар ва Ўкраіне і пры чым тут кандыдат у прэзыдэнты ЗША (cпойлер: ні пры чым)Ерванд Авэлян — перасяленец з Луганскай вобласьці. Юрыст, мае сваё адвакацкае абʼяднаньне. Пэўны час ён працаваў памочнікам дэпутата ад «Слугі народу» Аляксея Кузьняцова. Але перад гэтым, як сьведчыць дэклярацыя, спрабаваў прыжыцца ў Беларусі. З 2016 па 2019 год ён працаваў у беларускай будаўнічай арганізацыі ААТ «КСП-92» і арандаваў кватэру ў Менску. Мае жонку і сына. Цяпер ён працуе ў Харкаве, ва Ўсходняй міжрэгіянальнай управе Міністэрства юстыцыі спэцыялістам сэктару ў пытаньнях банкруцтва.
Паводле дэклярацыі Ўладзіміра Задарожнага, які працуе начальнікам аддзелу арганізацыі жыльлёвага сэрвісу Сувораўскай раённай адміністрацыі Адэскай гарадзкой рады, ягоная жонка Сьвятлана мае ў Беларусі жылы будынак плошчай 60,6 кв. м, на які яна набыла права ўласнасьці ў сьнежні 2011 году, і зямельны участак 2500 кв. м, які арандуе таксама са сьнежня 2011 году. Сама Сьвятлана Задарожная — грамадзянка Ўкраіны і працуе ў сфэры адукацыі ў Адэсе.
Ларыса Гэер (працуе намесьнікам кіраўніка ўправы Галоўнай управы статыстыкі ў Кіеве) за 2020 год задэкляравала рахункі ў Беларусі. У Нараўлянскім аддзяленьні «Беларусбанку» яна трымае дэпазыт на 8000 беларускіх рублёў і 9128 даляраў, за якія атрымала працэнты ў памеры 940 рублёў. Але ніякай маёмасьці ў Беларусі яна ня мае. За апошнія два гады колькасьць грошай на рахунках у беларускім банку ў беларускіх рублях не зьмянілася, толькі крыху падрасла ў далярах — у 2019 годзе іх было 9092. У Кіеве яна з 1997 году мае кватэру плошчай 46 кв. м.
Паводле дэклярацыі Віталя Дзенісюка, участковага афіцэра паліцыі, які служыць у Хмяльніцкай вобласьці, ягоная жонка Ірына (у яе ўкраінскае грамадзянства) мае 17 тысяч беларускіх рублёў гатоўкай і яшчэ 30 тысяч рублёў трымае на рахунку ў полацкім філіяле «БПС-Сбербанк». Сямʼя ня мае ніякай беларускай маёмасьці.
Працуюць у Беларусі і атрымліваюць беларускую пэнсію
Людміла Лішуга, якая выбіралася дэпутаткай Забалоцьцеўскай сельскай рады (Валынская вобласьць), у 2019 годзе задэкляравала 82 701 грыўню даходу, атрыманага як заробак у Берасьцейскай абласной лякарні, а ў 2020-м — яшчэ 23 772 грыўні ў якасьці заробку па асноўным месцы працы ў Берасьці.
Муж Сьняжаны Шорахавай, галоўнай спэцыялісткі ўправы сацыяльнай абароны насельніцтва Старавыжаўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі (Валынская вобласьць), Ігар працуе ў сялянскай фэрмэрскай гаспадарцы «Мажэйка А. А». У вёсцы Абруб Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Ягоны заробак у 2020 годзе склаў 62 730 грыўняў.
Сяргей Тоўбас, начальнік сэктару тапографа-геадэзічных работ Дзяржаўнага прадпрыемства «Запароскі інстытут землеўпарадкаваньня» ў 2020-м атрымаў 82 219 грыўняў пэнсіі зь Беларусі — да пэнсіі ён служыў у Полацку. Ягоная жонка Тацяна і дачка Натальля дагэтуль маюць беларускае грамадзянства. Але беларускай маёмасьці ня маюць.
Беларускае грамадзянства сужэнцаў украінскіх чыноўнікаў
Ва Ўкраіне пэрыядычна выбухаюць скандалы з расейскім грамадзянствам украінскіх чыноўнікаў ці іхных сваякоў. Найбольш рэзанансны — з расейскім грамадзянствам сваякоў намесьніка старшыні Службы вонкавай выведкі Ўкраіны Сяргея Семачкі — ледзь не каштаваў свабоды Пятру Парашэнку, калі супраць экс-прэзыдэнта завялі крымінальную справу за прызначэньне Сяргея Семачкі ў выведку.
Беларускае грамадзянства сужэнцаў украінскіх чыноўнікаў пакуль ня выклікала такой зьнішчальнай рэакцыі грамадзтва. Але фактаў вельмі шмат, у тым ліку сярод вайскоўцаў, памежнікаў, паліцыянтаў, прадстаўнікоў мясцовых радаў і дзяржаўных органаў кіраваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве арыштавалі кватэру сына былога кіраўніка беларускага вайсковага заводуМуж намесьніцы начальніка ўправы сацыяльнай абароны Канатопскай гарадзкой рады (Сумская вобласьць) Людмілы Кірыенкі Дзьмітры — беларус паводле грамадзянства. Згодна з дэклярацыяй, ён у 2020 годзе працаваў на берасьцейскім прадпрыемстве «Гефэст-тэхніка». Што праўда, памеры ягонага заробку ў дэклярацыі не пазначаныя. У Беларусі ён з 2003 году набыў права ўласнасьці на кватэру плошчай 111,2 кв. м.
У Юліі Ломбэрг-Мадаян, якая працуе юрысткай дэпартамэнту муніцыпальнай аховы Луцкай гарадзкой рады, муж і дзеці (дачка і сын) таксама маюць беларускае грамадзянства. На дзяцей аформленая і кватэра ў Беларусі — плошчай 30,8 кв. м. У 2020 годзе Юлія атрымала 46 808 грыўняў сацыяльнай дапамогі на дзяцей ад упраўленьня сацыяльнай абароны адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску. Яна таксама мае рахунак у «Беларусбанку», але, мяркуючы з дэклярацыі, грошай там няма.
У намесьніка начальніка аддзелу паліцыі № 1 Сьвятошынскай управы паліцыі ў Кіеве жонка Алена мае беларускае грамадзянства, але дзеці — дзьве дачкі і сын — маюць грамадзянства Ўкраіны. Ніякай маёмасьці ў Беларусі сямʼя ня мае.
У Максіма Навіцкага, які працуе намесьнікам начальніка аддзяленьня паліцыі, начальнікам сьледчага аддзяленьня Новавалынскага аддзяленьня паліцыі (Валынская вобласьць), сямʼі пакуль няма. Але ўжо ёсьць кватэра ў Беларусі плошчай 48,5 кв. м — купіў у лютым 2020 году і сплаціў у Беларусі 117 830 грыўняў падаходнага падатку за нерухомую маёмасьць як нерэзыдэнт.
Юлія Драгобыч працуе галоўным кансультантам у апараце Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Ейны муж Раман Пучын, беларускі грамадзянін, працуе на ААТ «Беларуськалій». Памер ягонага заробку невядомы, але ён мае куплены ў 2017 годзе жылы будынак у Беларусі плошчай 155,6 кв. м, а таксама кватэру плошчай 56,4 кв. м, якая знаходзіцца ў ягонай уласнасьці з 2011 году.
У тэхніцы пераважае трактар «Беларус»
У памежных зь Беларусьсю раёнах Чарнігаўскай, Валынскай і Ровенскай абласьцей мясцовыя чыноўнікі дэкляруюць прыватную сельскагаспадарчую тэхніку. Найбольш папулярныя трактары «Беларус» або «МТЗ» у розных варыяцыях.