Праваабаронцы прызналі затрыманых актывістаў нефармальнага Саюзу палякаў Беларусі палітвязьнямі. Цяпер іх 325

Старшыня Саюзу палякаў Анжаліка Борыс

Беларускія праваабаронцы 31 сакавіка прызналі палітвязьнямі затрыманых актывістаў нефармальнага Саюзу палякаў Беларусі — Анжаліку Борыс, Андрэя Пачобута, Марыю Цішкоўскую, Ірэну Бярнацкую і Ганну Панішаву.

«Варта адзначыць, што гэтыя дзеяньні ўладаў адбываюцца на фоне антыпольскай прапаганды на дзяржаўным тэлебачаньні, дзе Польшча зьяўляецца краінай-агрэсарам, якая нібыта мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Рэспублікі Беларусь», — цытуе БелаПАН супольную заяву праваабарончых арганізацый.

На думку праваабаронцаў, «агрэсіўная антыпольская дзяржаўная прапаганда, вытрыманая ў найгоршых сталінскіх традыцыях, выклікае сур'ёзную заклапочанасьць магчымымі нэгатыўнымі наступствамі для грамадзян Беларусі польскай нацыянальнасьці і відавочна не спрыяе палітыцы добрасуседзтва і даверу паміж гістарычна блізкімі народамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ўзяліся за курсы польскай мовы, патрабуюць сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў

Аўтары заявы патрабуюць ад уладаў вызваліць актывістаў абʼяднаньня, спыніць іх крымінальны перасьлед і спыніць ціск на прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці і выкарыстаньне арт. 130 КК для пакараньня за выказваньне меркаваньня аб гістарычных фактах, што несумяшчальна з абавязаньнямі Беларусі ў рамках Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Такім чынам, на 31 сакавіка палітвязьнямі ў краіне прызнаныя 325 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра перасьлед незарэгістраванага Саюзу палякаў у Горадзенскай вобласьці і пра фігурантаў справы