Абноўлена 1.04. Рашэньне пра санкцыі яшчэ не прынятае.
Пра гэта паведаміў на рэгулярным брыфінгу для журналістаў кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс.
У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
Аднак цяпер, паводле Дзярждэпартамэнту ЗША, «сытуацыя з правамі чалавека зьяўляецца, бадай, найгоршай у гісторыі незалежнай Беларусі.
«У сувязі з тым, што цяпер у Беларусі ўтрымліваецца больш за 300 палітычных зьняволеных, Дзяржаўны дэпартамэнт ня можа рэкамэндаваць яшчэ адзін працяг (прыпыненьня дзеяньня гэтых абмежаваньняў. — РС), асабліва ў сьвятле меркаваньня Кангрэсу, увасобленага ў Акце аб сувэрэнітэце і дэмакратыі Беларусі 2020 году. Цяперашні працяг [адмены абмежаваньняў] канчаецца 26 красавіка», — гаворыцца ў заяве.
Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў беларускія ўлады зрабіць крокі, якія б дазволілі Вашынгтону падоўжыць прыпыненьне санкцый, у прыватнасьці вызваліўшы ўсіх палітычных зьняволеных».
Вашынгтон заклікаў афіцыйны Менск да «поўнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьня гвалтоўных дзеяньняў уладаў супраць беларускага народу», а таксама «да канструктыўнага дыялёгу зь лідэрамі палітычнай апазыцыі пад эгідай АБСЭ, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў з прысутнасьцю незалежных назіральнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі дыплямат: Усе палітзьняволеныя ў Беларусі павінны быць вызваленыяПра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка
- «Белнафтахім»,
- «Белнафтахім ЗША»,
- «Нафтан»,
- «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
- «Белшына»,
- «Гродна Азот»,
- «Гроднахімвалакно»,
- ААТ «Лякафарба»,
- ААТ «Полацак-Шкловалакно».
Аднаўленьне санкцый будзе азначаць, што прадпрыемствам i грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, будуць замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША працягнулі прыпыненьне санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў