Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен прэзэнтаваў Даклад Дзяржаўнага дэпартамэнту аб становішчы з правамі чалавека ў краінах сьвету за 2020 год.
У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, гаворыцца, што Беларусь — аўтарытарная дзяржава і пералічваюцца парушэньні правоў чалавека, якія наступнічалі прэзыдэнцкім выбарам-2020.
У прыватнасьці:
- адвольныя забойствы сіламі бясьпекі,
- катаваньні ў месцах зьняволеньня,
- выпадкі жорсткага, бесчалавечнага і прыніжальнага абыходжаньня з боку сілавікоў,
- суворыя і небясьпечныя для жыцьця турэмныя ўмовы,
- адвольныя арышты і затрыманьні,
- палітычна матываваныя зьняволеньні,
- сур’ёзныя праблемы зь незалежнасьцю судовай улады,
- умяшаньне ў прыватнае жыцьцё,
- сурʼёзныя абмежаваньні свабоды слова, прэсы, інтэрнэту,
- перасьлед журналістаў, цэнзура і блякаваньне сайтаў,
- крыміналізацыя крытыкі ўрадавых чыноўнікаў,
- празьмерна абмежавальныя законы аб няўрадавых арганізацыях;
- істотнае ўмяшаньне ў свабоду мірных сходаў і свабоду асацыяцый, уключаючы крымінальнае пакараньне за заклік да мірнай дэманстрацыі і законы, якія караюць дзейнасьць і фінансаваньне груп, ня ўхваленых уладамі;
- абмежаваньне свабоды перамяшчэньня;
- пазбаўленьне грамадзян магчымасьці мірна зьмяніць уладу шляхам свабодных і сумленных выбараў;
- правядзеньне выбараў не ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі;
- сурʼёзная карупцыя;
- адсутнасьць расьсьледаваньня і адказнасьці за гвалт у дачыненьні да жанчын;
- гандаль людзьмі;
- злачынствы, зьвязаныя з гвалтам альбо пагрозамі гвалту супраць лесьбіянак, геяў, бісэксуалаў, трансгендэраў ці інтэрсэксуалаў;
- значныя абмежаваньні свабоды прафсаюзаў.
У дакладзе падкрэсьліваецца, што ўлады ўсіх узроўняў звычайна заставаліся беспакаранымі і не прымалі мераў па прыцягненьні да адказнасьці ці пакараньня службовых асоб ва ўрадзе або сілах бясьпекі, якія парушалі правы чалавека.