У Падмаскоўі 8 гадзінаў спрабавалі затрымаць пэнсіянэра. Той адстрэльваўся, параніў спэцназаўца

У падмаскоўных Мыцішчах мужчына адкрыў агонь па расгвардзейцах і кінуў у іх дзьве гранаты. Адзін баец СОБРу паранены.

У пасёлку Новыя Вешкі паблізу падмаскоўных Мыцішчаў мужчына пачаў страляць па супрацоўніках «Росгвардии», а потым кінуў у іх дзьве гранаты, піша Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу МУС па Маскоўскай вобласьці.

Паводле МУС, сілавікі прыйшлі агледзець дом 60-гадовага мужчыны паводле падазрэньняў у незаконным абароце зброі. Паліцыянты прад’явілі яму пастанову суду на агляд дому і ўвайшлі на ўчастак. У гэты момант з акна дому мужчына пачаў страляць з аўтаматычнай зброі і кінуў дзьве гранаты. Ніхто не пацярпеў.

Паводле тэлеграм-каналу Life Shot, мужчына — ягонае імя Ўладзімір Барданаў — падчас штурму параніў супрацоўніка спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня ў левую нагу. У Сьледчым камітэце Расеі пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Да гэтага яго праз мэгафон угаворвалі здацца.


Мужчына адстрэльваўся 8 гадзінаў, потым падарваў лесьвіцу на другі паверх, каб да яго было не дабрацца. Пачаўся пажар. Празь некаторы час страляніна аціхла, паліцыя мяркуе, што Барданаў моў загінуць у полымі падчас пажару.


Паводле папярэдніх дадзеных, мужчына захапляўся паляваньнем і падазраваўся ў незаконным захоўваньні зброі. Відавочца падзеяў расказаў ТАСС, што Барданаў трымаў на дачным участку асабісты заапарк з тыграмі, мядзьведзем, рысьсю.