Алеся Бука вучыцца на 4-м курсе філфаку Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У мінулым кастрычніку яна была сярод удзельнікаў відэазвароту супраць гвалту і за сумленныя выбары, а ў сакавіку пагаліла галаву перад відэакамэрай на знак салідарнасьці з палітвязьнямі. Пасьля 25 сакавіка Алеся стала падазраванай у крымінальнай справе аб зьнявазе прадстаўніка ўлады і амаль тры дні правяла пад вартай у ізалятары Полацкага РАУС.
«Казалі, што ў сьведкі таксама можна праводзіць ператрус»
Алесю Буку затрымалі 26 сакавіка пасьля вобшуку ў пакоі інтэрнату, дзе яна жыве зь сяброўкай. У пастанове на ператрус фігуравала крымінальная справа, заведзеная паводле 369 артыкула — за абразу прадстаўніка ўлады. Гаворка ў ёй ішла пра аднаго з намесьнікаў начальніка Полацкага РАУС, прозьвішча якога зьявілася ў «дэструктыўным тэлеграм-канале». Але дзяўчына адразу заявіла, што нічога пра гэтага чалавека ў інтэрнэт не зьмяшчала, а пакрыўджанага прадстаўніка ўлады ня ведае.
«Упершыню ад міліцыянтаў пачула ягонае імя. І да таго каналу я ня мела ніякага дачыненьня, нават не была падпісаная. На маім тэлефоне гэта добра відаць», — расказвае Алеся Бука. Зь яе словаў, пры вобшуку ў яе забралі два мабільныя тэлефоны, кампутар, флэшку суседкі, бел-чырвона-белую накідку і байку з выявай «Пагоні», а яшчэ тры налепкі, у тым ліку «Саша, уходи». Дзяўчына прыгадвае, што як яе павезьлі ў міліцыю, дык казалі, што хутка адпусьцяць, затрымліваць не зьбіраюцца, «трэба толькі пагаварыць».
«Ва ўсіх бяруць сьліну, ствараюць базу дадзеных на затрыманых»
Першую гадзіну, праведзеную ў Полацкім РАУС, Алеся запомніла вельмі добра.
«Але гэта была не размова, а жорсткі прэсінг», — гаворыць дзяўчына пра тое, як зь ёй гутарылі людзі ў міліцэйскіх пагонах. Адзін у асноўным карыстаўся абразамі і мацюкамі, другі распытваў, чаму ў яе на галаве шнары, хіба гэта не міліцыя пабіла, а трэці зьдзекліва прапаноўваў зрабіць ёй дакумэнты, «каб зьехала ў Польшчу».
«Карацей, ціснулі абсалютна праз усё: празь сяброў, сям’ю. Дапытвалі ня толькі ў гэтай справе, а таксама пра былое затрыманьне ў Глыбокім. З кім сябрую, адкуль сьцягі, дзе ўзяла налепкі, рэчы. Я абурылася, што гэта ня мае дачыненьня да справы. Патрабавала адваката, а мне хлусілі, што ў справе я нібыта сьведка і адвакат не патрэбен. Чаму тады, кажу, у сьведкі праводзіце ператрус і забіраеце кампутары? Гэта ж незаконна. Вось так размаўлялі больш за гадзіну, а тады абвясьцілі, што я падазраюся ў крымінальнай справе і затрыманая на 72 гадзіны. Яшчэ доўга афармлялі, чакалі сьледчую, і адправілі ў камэру. Вячэры, адпаведна, для мяне ўжо не было».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Дзень Волі павіталася з адміністрацыяй па-беларуску». Студэнтку, якая пагаліла галаву ў знак салідарнасьці, трымалі 3 дні пад вартайПаводле Алесі Букі, адзінае, на што яна пагадзілася па выніках той размовы зь міліцыянтамі Полацкага РАУС, гэта здаць сьліну. Доўга адмаўлялася, але саступіла.
«Там сьліну цяпер бяруць ва ўсіх затрыманых, ствараюць базу дадзеных на ўсіх. Паводле адваката, адмовіцца яшчэ нікому не ўдалося — давялося падпарадкавацца».
«Качка» з прозьвішчам славутай баскетбалісткі
Першыя два дні Алеся Бука праседзела ў камэры разам з чатырма жанчынамі, якіх пакаралі арыштам за нясплату грошай на ўтрыманьне дзяцей.
«Называлі сябе алімэнтніцамі», — кажа Алеся і згадвае, што сукамэрніцы аказаліся адэкватнымі, можна было нават «пагаварыць пра палітыку». Але потым яе зноў павялі на гутарку зь міліцыянтам, яна адмовілася адказваць на пытаньні, і ў выніку апынулася ў камэры з жанчынай «сумнеўнага выгляду і паводзінаў».
«Міліцыянт мне так і сказаў на разьвітаньне: ня хочаш па-добраму, будзе па-дрэннаму», — кажа Алеся і згадвае, як ужо праз 5 хвілін па вяртаньні да «алімэнтніц» яе перавялі ў іншую камэру, дзе сядзела толькі адна жанчына. Тая назвалася Людмілай Леўчанкай, сказала, што працуе дацэнтам БДУ, але па яе твары Алеся зразумела, што яе сукамэрніца даўно сябруе з алькаголем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дайце нам адзін дзень без рэпрэсій, і пабачыце, як нас шмат». Баскетбалістка Алена Леўчанка — пра беларускую мару«Пачала мяне распытваць, што ды як, з кім сябрую, ці падпісаная на „Нехта“, як стаўлюся да Натальлі Качанавай. Пра сябе сказала, што нібыта „яны бастуюць“, але жыве з мужам у Полацку. А чаму тады працуе ў Менску ў БДУ? Карацей, у яе было столькі нестыковак, што хутка я вырашыла — гэта простая падсадная „качка“. Мяркую, і прозьвішча ня ейнае, а прыкрылася вядомай баскетбалісткай. Магчыма, у разьліку на тое, што я нешта чула, але дакладна ня ведаю, хто такая Леўчанка. Карацей, „размовы“, як казаў спадар міліцыянт, зноў не атрымалася, і назаўтра мяне ўвогуле выпусьцілі».
«Горшыя ўмовы, але лепшыя міліцыянты»
Пасьля трох дзён, праведзеных у Полацкім РАУС, Алеся Бука можа параўнаць тамтэйшыя ўмовы з тым, што пабачыла раней у глыбоцкім ізалятары, дзе правяла суткі перад судом за ўдзел у адной з акцый пратэсту. Паводле дзяўчыны, у бытавым сэнсе полацкі ізалятар нашмат лепшы, але што да стаўленьня ахоўнікаў, дык наадварот.
«У Глыбокім вада з бутэлек, туалет — у вядро. Там халадней і харчаваньне горшае. Але стаўленьне ахоўнікаў не параўнаць. Там усё ж па-людзку, а ў полацкім ізалятары нібыта і вада з крана, і прыбіральня з унітазам, але стаўленьне — як да злачынцаў. Тым больш да палітычных», — кажа Алеся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачулі сьмех у камэры — адключаюць цяпло». Пэнсіянэрка пасьля сутак пра тое, як дзяржава ставіцца да жанчынПа яе зьвестках, ізалятар запоўнены цалкам, там больш за 40 чалавек, крымінальныя справы над пратэстоўцамі пастаўленыя на канвэер.
«Міліцыянт з РАУС пагражаў, што ў іх заведзена некалькі дзясяткаў крымінальных спраў за пратэсты па дваццаці розных артыкулах. Могуць у любой справе затрымліваць як падазраваную, трымаць пад вартай, адпускаць, потым затрымліваць зноў у іншай справе. Лічаць, што гэта добра, бо можна гэтак запалохваць іншых людзей», — мяркуе Алеся Бука.
«Студэнты засталіся пры сваіх поглядах»
У сакавіку дзяўчына разам зь сяброўкамі на знак салідарнасьці з палітвязьнямі пагаліла галаву і выклала гэтае відэа ў інтэрнэт. А 25 сакавіка ў калідоры яна сустрэла кіраўнікоў адміністрацыі ўнівэрсытэту і павіталася зь імі па-беларуску. Сама пры гэтым была ў байцы з «Пагоняй». Не выключае, што гэта стала апошняй кропляй. Але не шкадуе, што выказала сваю пазыцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь цяжарная вольнай будучыняй». Прэм'ера гістарычнага падкаста Ўладзімера АрловаАлеся мяркуе, што сярод студэнтаў і выкладчыкаў аднадумцаў у яе паболела, і гэта выявілася пасьля таго, як стала вядома пра яе затрыманьне.
«Маме вельмі шмат было званкоў, турбаваліся пра мяне, падтрымлівалі. Мне дагэтуль пішуць, тэлефануюць. Калі некаторыя кажуць, што ў нас ня ўмеюць адно аднаго падтрымліваць, гэта ня так, сама пераканалася», — адзначае Алеся. Паводле яе назіраньняў, пратэставыя настроі ва ўнівэрсытэце ад ціску цягам апошніх месяцаў ня сталі меншымі. «Студэнты дык дакладна засталіся пры сваіх поглядах, проста іх утойваюць», — мяркуе Алеся.
30 сакавіка, як і ў дні да затрыманьня, дзяўчына пайшла на заняткі ва ўнівэрсытэт. Ці дапускае, што яе могуць адлічыць?
«А за што? Вучуся я добра. Былое кіраўніцтва ўнівэрсытэту на выключэньне з надуманых прычынаў дакладна не пайшло б, а з новым кіраўніцтвам ня ведаю, што і думаць. Але сама сыходзіць і зьяжджаць не зьбіраюся, гэта галоўнае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Румынскі палітоляг пра Чаўшэску, Лукашэнку і дзьве галоўныя парады беларусам