Сёньня суд зноў адхіліў хадайніцтвы абароны Віктара Бабарыкі.
Віктар Бабарыка, як і раней, у дальняй ад залі клетцы. Ён у добрым настроі, усьміхаецца, рэагуе на вітаньні прысутных у залі. Каля клеткі і ў залі 16 ахоўнікаў, прысутныя павінны былі прайсьці праз два кардоны з рамкамі-мэталашукальнікамі. Людзей абшукваюць, правяраюць у іх торбы.
Асноўных сьведак не дапыталі
На пачатку сёньняшняга пасяджэньня суд адхіліў два хадайніцтвы абароны Віктара Бабарыкі. Адно зь іх было даслана поштай. У ім абарона прасіла весьці поўны пісьмовы пратакол пасяджэньняў.
Па справе вядзецца аўдыёзапіс, але не вядзецца поўны пісьмовы пратакол. Паводле абароны, у такім выпадку пры прыняцьці рашэньня суду будзе складана праслухаць шматгадзінныя аўдыёзапісы. На адным з ранейшых пасяджэньняў адвакат Дзьмітры Лаеўскі, які заяўляў такое хадайніцтва, быў перарваны судзьдзёй. Таму гэтае хадайніцтва давялося адсылаць поштай. Сёньня суд гэтае хадайніцтва разгледзеў і адхіліў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы парушаеце мае правы». Віктар Бабарыка заявіў адвод складу судуАдвакат Дзьмітры Лаеўскі паўторна заявіў хадайніцтва, каб у судзе дапыталі ў якасьці сьведак грамадзян Латвіі Аляксандра Растоўса і Аляксея Сьцяпанаўса, якія 5 разоў згадваюцца ў абвінавачаньні, у тым ліку «як асобы, празь якіх нібыта Бабарыка ажыцьцяўляў інкрымінаваныя яму дзеяньні» і як кіраўнікі нібыта падкантрольных Бабарыку замежных кампаній. Аднак падчас сьледзтва гэтых найважнейшых, паводле абароны, сьведак не дапыталі. Падобнае хадайніцтва было адхілена судом 22 лютага на той падставе, што, паводле пракуратуры, латвійскі бок адмовіўся выканаць запыт КДБ аб міжнароднай прававой дапамозе на стадыі папярэдняга расьсьледаваньня.
Паводле адваката, адмова Латвіі ў выкананьні просьбы аб прававой дапамозе — не перашкода, каб задаволіць хадайніцтва. Абаронца прасіў выклікаць і дапытаць грамадзян Латвіі непасрэдна ў судзе. Як адзначае Дзьмітры Лаеўскі, у выпадку, калі грамадзян, празь дзеяньні якіх апісана абвінавачаньне, дапытаць немагчыма то такія высновы «падлягаюць выключэньню з абвінавачаньня».
Паводле адваката, сьцьвярджэньні, якія ёсьць у абвінавачаньні пра дзеяньні Бабарыкі праз Растоўса і Сьцяпанаўса, зьяўляюцца для боку абвінавачаньня заведама недаказанымі. Дзьмітры Лаеўскі заявіў, што ў суду ёсьць магчымасьці, каб выклікаць гэтых грамадзян і высьветліць іх кантактныя дадзеныя, бо яны заснавальнікі юрыдычных асобаў і ўваходзяць у склад органаў іх кіраваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля месячнага перапынку аднавіўся працэс над Віктарам Бабарыкам. Ён заявіў суду, што віну не прызнаеДзяржаўны абвінаваўца не пагадзіўся з абаронай, што «нядопыт гэтых сьведак аўтаматычна цягне за сабой заведамую недаказанасьць нейкіх дзеяньняў, якія інкрымінуюцца абвінавачанаму». Ён сказаў, што органамі папярэдняга сьледзтва прымаліся «паўторныя меры» для ўстанаўленьня дадзеных гэтых асобаў і допыту іх у якасьці сьведак, але на паўторную просьбу таксама паступіла адмова. Ён назваў хадайніцтва абароны беспадстаўным, і суд яго таксама не задаволіў.
Грамадзяне Латвіі Аляксандар Растоўс і Аляксей Сьцяпанаўс пазначаныя ўладальнікамі кампаніі «МВС Інвэстмэнтс». Аляксей Сьцяпанаўс — дырэктар «АЛДІ Проджэктс».
Сёньня ў судзе працягваецца допыт абвінавачаных. Віктара Бабарыку дапытаюць апошнім.
У чым вінавацяць Бабарыку?
Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.
У крымінальнай «справе Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
23 сакавіка Віктар Бабарыка заяўляў адвод суду на той падставе, што яму не даюць рэалізаваць права на абарону: яму не далі магчымасьці выступіць з заявай.
Абарона Бабарыкі падтрымала адвод, аднак суд адхіліў хадайніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка заявіў зь СІЗА, што Беларусь страціла «сапраўдную незалежнасьць»Бабарыка і яго адвакаты прапанавалі пачаць допыт абвінавачаных з допыту самога Бабарыкі, бо яго абвінавачваюць у стварэньні арганізаванай злачыннай групоўкі. Аднак гэтае хадайніцтва суд адхіліў і вызначыў парадак, які прапанаваў дзяржаўны абвінаваўца: дапытаць абвінавачаных (Бабарыку апошнім), потым сьведак, далей дасьледаваць пісьмовыя матэрыялы справы.
22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні. Апісаньне, якое ёсьць у абвінавачаньні, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Віктара Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх зьдзяйсьненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня», паведамляе тэлеграм-канал Бабарыкі.
Віктар Бабарыка заявіў, што віны не прызнае.
Тым часам адносна адваката Бабарыкі Дзьмітрыя Лаеўскага рада Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў распачала дысцыплінарную вытворчасьць за пост у фэйсбуку, у якім ён не пагадзіўся з праектам зьмяненьняў у заканадаўства аб адвакатуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будзе калясальны ўдар па незалежнасьці прафэсіі», — адвакат Бабарыкі перасьцерагаецца пагаршэньня прававога становішча адвакатуры