Анатоль Маркевіч пракамэнтаваў у этэры тэлеканалу АНТ рашэньне арганізатараў конкурсу «Эўравізія» пазбавіць Беларусь права ўдзелу.
«Я ня стаў бы перажываць на гэты конт. Пераадолеем мы дадзеныя цяжкасьці, недарэчнасьці, якія паўсталі. Таму што, на мой погляд, асабліва ў апошнія гады, конкурс „Эўравізія“ стаў крыху падмяняць агульначалавечыя паняцьці» — сказаў Маркевіч. Камэнтар, дарэчы, ён даў па-беларуску, што надзвычай рэдка робяць чыноўнікі з цяперашняй улады.
«Сапраўдным конкурсам» Маркевіч назваў «Славянскі базар», які штогод праводзіцца ў Віцебску.
«Вось гэта сапраўднае майстэрства, і мы ганарымся тым, што наша краіна становіцца вось такой цудоўнай пляцоўкай. А тут разумеем, напэўна, што справа ня ў песьні, а справа ў іншым. Час расставіць усё на свае месцы».
Беларусь на «Эўравізіі» меўся прадстаўляць баранавіцкі праўладны гурт «Галасы ЗМеста», які кпіць зь беларускай мовы, нацыянальных сымбаляў і праціўнікаў Лукашэнкі. Але абедзьве кампазыцыі, якія прапаноўваў гэты гурт, адміністрацыя конкурсу заблякавала праз «палітызаванасьць», а затым наогул выключыла Беларусь са сьпісу ўдзельнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь пазбавілі права ўдзельнічаць у «Эўравізіі»Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у адказ на выключэньне заявіў, што «Беларусь перамагла на „Эўравізіі“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БТ пра дыскваліфікацыю Беларусі з Эўравізіі: «Мы выйгралі конкурс». Латушка: «Мы адабралі цацку ў дыктатара» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фонд культурнай салідарнасьці заклікае ігнараваць шоў «Х-фактар», якое здымае БТ