Зьявілася ініцыятыва AvocadoHelp, якая дапаможа падазраваным ва ўдзеле ў пратэстах знайсьці адваката

Ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва будзе весьці пошук адваката паралельна з пошукам людзей, гатовых аплаціць паслугі абаронцы.

У інтэрнэце зьявілася ініцыятыва AvocadoHelp, якая ставіць сабе на мэце «палегчыць пацярпелым у выніку мірных пратэстаў у Беларусі пошук адваката і фінансавых сродкаў на аплату яго паслуг».

Кіраўніцтва ініцыятывы перадасьць заяўкі людзей наўпрост у адвакацкую супольнасьць і будзе шукаць людзей, гатовых адрасна дапамагчы канкрэтнаму чалавеку з аплатай паслуг адваката. На сайце апублікавалі канкрэтныя этапы.

Пошук адваката:

  1. Заяўнік запаўняе форму на сайце, расказвае пра сытуацыю, прыкладае наяўныя дакумэнты ў справе;
  2. Ініцыятыва адпраўляе заяўку адвакатам, атрымлівае згоду ад адваката, які ўзяў заяўку, і перадае яму кантактныя дадзеныя чалавека, які зьвярнуўся па дапамогу;
  3. З заяўнікам зьвязваецца адвакат для ўдакладненьня падрабязнасьцяў у справе і заключэньня дамовы на аказаньне юрыдычнай дапамогі;
  4. Заяўнік дзеліцца з AvocadoHelp зваротнай сувязьзю. Таксама можна дакумэнтаваць сваю гісторыю ў ініцыятыве 23-34.net.

Аплата адвакату:

  1. Заяўнік запаўняе форму на сайце, расказвае сытуацыю, прыкладае ўсе патрэбныя дакумэнты і рэквізыты для аплаты;
  2. AvocadoHelp правярае заяўку. Пры вэрыфікацыі заяўкі ініцыятыва можа зьвярнуцца да адваката для пацьверджаньня і ўдакладненьня дэталяў аплаты;
  3. Пасьля ўхваленьня заяўкі, ініцыятыва накіроўвае інфармацыю для аплаты;
  4. Пасьля аплаты ініцыятыве дасылаюць фота ці скрыншот квітанцыі, якую AvocadoHelp накіроўвае заяўніку і/або адвакату заяўніка.

AvocadoHelp таксама зазначыла, што сапраўды гарантуе, што паспрабуе знайсьці адваката або распавесьці, як яны працуюць ва ўсіх тыпах спраў — крымінальных, адміністрацыйных і іншых. Але ініцыятыва не гарантуе, што знойдзе аплату ў крымінальных справах, бо сумы вельмі вялікія і працэсы працяглыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да 2020 году я казаў, што буду займацца толькі бізнэсам». Вялікая гутарка з адвакатам Сяргеем Зікрацкім, у якога забіраюць ліцэнзію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася пэтыцыя ў абарону дзейнасьці індывідуальных адвакатаў і адвакацкіх бюро
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Лосік пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы