Шаноўны Ігар,
Дзякуй за вашa служэньне і адданасьць справе свабодзе прэсы, якія выявіліся ў вашай надзвычай важнай працы на Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Мы з глыбокай занепакоенасьцю сочым за справай з вашым несправядлівым затрыманьнем беларускімі сіламі бясьпекі і хочам, каб вы ведалі, што мы выступаем за ваша неадкладнае вызваленьне.
Як вы добра ведаеце, пасьля сфальшаваных выбараў у жніўні 2020 году беларускі народ заявіў пра сябе мірнымі пратэстамі і масавай мабілізацыяй — як і ўсе свабодалюбныя людзі, яны проста хочуць вырашаць сваю будучыню, свабодную ад прыгнёту з боку ўраду і варожага замежнага ўмяшаньня. На вялікі жаль, Аляксандар Лукашэнка і іншыя прадстаўнікі рэжыму жорстка расправіліся з гэтымі мірнымі акцыямі пратэсту шляхам адвольных арыштаў, блякаваньня інфармацыі, перасьледу грамадзянскай супольнасьці, а таксама шырокамаштабных катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зь беларусамі.
У адказ мы прыклалі намаганьні для найхутчэйшага прыняцьця Акту аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі (PL 116-260), які выразна дэманструе, што Кангрэс ЗША стаіць на баку беларускага народу. Гэты Акт узмацняе дапамогу ЗША і пашырае паўнамоцтвы па санкцыях для прыцягненьня вінаватых асоб і парушальнікаў правоў чалавека да адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігар Лосік пачаў знаёміцца з матэрыяламі справыМы далучаемся да міжнароднай супольнасьці, рашуча асуджаючы несправядлівае і незаконнае затрыманьне вас беларускімі ўладамі. Ваша праца ў данясеньні да беларусаў своечасовай і аб’ектыўнай інфармацыі заслугоўвае пахвалы і ўяўляе сабою прыклад найвышэйшай адданасьці праўдзе і вернасьці журналісцкім прынцыпам нават ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў. Мы прызнаем і шануем вашу ахвярнасьць, калі вы, нават рызыкуючы здароўем, выкрывалі несправядлівасьць, у тым ліку вашу шасьцітыднёвую галадоўку.
Калі ласка, ведайце, што мы стаім плячо ў плячо з вамі, вашай сям’ёй, уключаючы жонку Дар’ю і дачку, і з усімі астатнімі беларусамі, чыя адвага і ўменьне павесьці за сабой натхняюць свабодалюбных людзей ва ўсім сьвеце. Мы гатовыя прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у вашым незаконным узяцьці пад варту шляхам мэтанакіраваных санкцыяў, працуючы разам з нашымі сябрамі і саюзьнікамі ў Эўрапейскім Зьвязе. Калі ласка, будзьце моцныя і беражыце сваё здароўе для сям’і і дзеля сваёй краіны. З вашай ініцыятыўнасьцю і служэньнем мы з аптымізмам бачым вобраз свабоднай і мірнай Эўропы, а таксама сьветлай будучыні беларускага народу. Жыве Беларусь!
З павагай,
кангрэсмэны
Марсі Каптэр
Ўільям Кітынг
Дэйвід Сісілайн
Том Маліноўскі
Браен Фіцпатрык
Крыстафэр Сьміт
Джэймс МакГавэрн