Сёньня ўдзень над уваходам у 4 корпус БДУІР, дзе месьціцца факультэт кампутэрных сыстэм і сетак, залунаў вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Паведамляецца, што прынамсі аднаго студэнта жорстка затрымаў АМАП.
Фота са сьцягам над уваходам у ФКСІС, галоўную кузьню праграмістаў у Беларусі, зьявілася ў канале «Мирный БГУИР» у 15.55.
Ужо праз 15 хвілін сьцяг зьнялі. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналаў, затрымалі прынамсі аднаго студэнта. Гэты момант трапіў на відэа.
Паводле падлікаў «Мирного БГУИР», унівэрсытэт інфарматыкі — лідэр па колькасьці сутак, якія прысудзілі студэнтам за пратэсты. Рэкардсмэны — Ян Салановіч (адседзеў 85 сутак з прысуджаных 114), Ігар Каленік (40 сутак плюс штраф), Дзьмітры Мазура (38 сутак).
За апошнія паўгода затрымлівалі амаль 100 студэнтаў БДУІР. На другім месцы — БДУ (87 чалавек), на трэцім — БНТУ (49 чалавек).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Честные люди»: За грамадзянскую пазыцыю пацярпелі больш за 1,1 тысячы студэнтаў і выкладчыкаў