Судзьдзі, які асудзіў на 15 сутак арышту старшыню не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс, будзе бестэрмінова забаронены ўезд у Польшчу. Пра гэта на прэс-брыфінгу расказаў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра суседняй краіны Міхал Дворчык, паведамляе TUT.by са спасылкай на партал wiadomosci.onet.pl
Міхал Дворчык паведаміў, што ўрад Польшчы будзе рабіць захады на карысьць усіх палякаў, якія цярпяць ад рэпрэсій у Беларусі.
Ён падкрэсьліў, што прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі на пасяджэньні Рады Эўропы «падыме тэму рэпрэсій супраць польскай меншасьці ў Беларусі».
«У адпаведнасьці з указаньнямі прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага судзьдзі, які асудзіў Анжаліку Борыс на 15 сутак арышту, бестэрмінова будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Польшча», — паведаміў Міхал Дворчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра перасьлед незарэгістраванага Саюзу палякаў у Горадзенскай вобласьці і пра фігурантаў справыСтаршыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка і на наступны дзень асудзілі на 15 сутак за правядзеньне кірмашу рамесьнікаў «Гарадзенскія Казюкі». Як паведамляў у сваім Twitter журналіст Анджэй Пачобут (яго таксама пазьней затрымалі), яе судзіў Руслан Гурын — судзьдзя суду Ленінскага раёну Горадні.
Пазьней пракуратура завяла на Борыс крымінальную справу па артыкуле аб распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або розьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сядзіба Саюзу палякаў Беларусі пасьля 8-гадзіннага ператрусу. ФАТАФАКТДворчык падкрэсьліў, што кожны беларускі чыноўнік і кожны, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях супраць польскай меншасьці ў Беларусі, «пацярпіць ад наступстваў».
«На дадзены момант мы рыхтуем плян дзеяньняў, накіраваных на дапамогу пацярпелым, — паведаміў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы. — Мы таксама разьлічваем на салідарнасьць нашых эўрапейскіх партнэраў. Згаджацца зь перасьледам людзей толькі за тое, што яны маюць польскую нацыянальнасьць, катэгарычна нельга», — сказаў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеяча Саюзу палякаў журналіста Пачобута з Горадні перавезьлі ў Менск і дапыталі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцу незарэгістраванага Саюзу палякаў асудзілі на 15 дзён арышту за Казюкі