Расейская мова стала афіцыйнай у самаабвешчаным Карабаху

Блёкпост расейскіх вайскоўцаў у Крабаху

Расейская мова, нароўні з армянскай, стала афіцыйнай мовай самаабвешчанай рэспублікі Нагорны Карабах. Рашэньне аб гэтым прыняў у чацьвер парлямэнт самаабвешчанай рэспублікі.

27 дэпутатаў галасавалі за рашэньне, супраць ня быў ніхто, двое ўстрымаліся. Рашэньне ўступіць у сілу пасьля падпісаньня прэзыдэнтам непрызнанай рэспублікі, улады якой пасьля восеньскага наступу азэрбайджанскіх войскаў кантралююць толькі частку тэрыторыі Нагорнага Карабаху.

У законапраекце неабходнасьць надаць расейскай мове афіцыйны статус патлумачылі «гістарычнай памяцьцю культурных, ваенных, эканамічных адносін» паміж Нагорным Карабахам і Расеяй і той факт, што расейская мова зьяўляецца другой мовай зносін для многіх жыхароў рэгіёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Армэніі адмяніў ваеннае становішча

У Нагорным Карабаху зь лістапада мінулага года дысьлякаваныя расейскія міратворчыя сілы — зь іх прысутнасьцю пагадзіліся лідэры Армэніі і Азэрбайджану. Палітыкі, якія прапанавалі даць расейскай мове афіцыйны статус, гавораць пра тое, што гэта неабходна, каб аблегчыць зносіны з расейскімі вайскоўцамі і гуманітарнымі працаўнікамі.

Азэрбайджан, у міжнародна прызнаных межах якога знаходзіцца ўся тэрыторыя Нагорнага Карабаху, не прызнае рашэньні, прынятыя армянскімі ўладамі рэгіёну. Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў раней заяўляў, што адзіная афіцыйная мова ў Азербайджане — азэрбайджанская.