У Менску на Дзень Волі прайшлі тры маршы з нацыянальнымі сьцягамі. ВІДЭА

Затрыманьні ў Менску 25 сакавіка

У той час як цэнтар Менску на Дзень Волі 25 сакавіка быў аточаны сіламі АМАПу і спэцтэхнікі, некалькі акцый прайшло ў мікрараёнах гораду.

Ад раніцы ў Менск сагналі вайсковую тэхніку і аўтазакі, вуліцы патрулявала міліцыя і «людзі ў цывільным».

Удзень у розных частках праспэкту Незалежнасьці, а таксама ў раёне мэтро Пушкінскай пачаліся кропкавыя затрыманьні.

Нягледзячы на гэта, у некалькіх раёнах Менску ўсё ж прайшлі невялікія маршы. Першымі калёнай выйшлі людзі з нацыянальнымі сьцягамі ў раёне Велазаводу.

Пазьней стала вядома пра невялікі марш у Малінаўцы.

А ўвечары марш прайшоў у Вайсковым гарадку, што пад менскім Уруччам.

Сёньня ў гонар Дня Волі людзі ў розных раёнах запускалі ў неба белыя і чырвоныя балёнікі, а таксама бел-чырвона-белыя сьцягі, вывешвалі сьцягі на дамах.

У раёне станцыі мэтро «Пушкінскай», на месцы забойства падчас разгону акцыі пратэсту Аляксандра Тарайкоўскага, нехта паклаў белыя і чырвоныя кветкі, ушанаваўшы такім чынам памяць загінулага.

А ўвечары па ўсім Менску пачалі запускаць салюты.

Па дадзеных на 21:30 «Вясне» вядома пра як мінімум 118 затрыманых у 19 гарадах Беларусі, зь іх 68 затрымана ў Менску. Валянтэры @spiski_okrestina па стане на 23.00 паведамляюць пра 178 затрыманых.

Прадстаўніца Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Беларусі 25 сакавіка затрымана больш за 200 чалавек, піша БЕЛТА. Таксама праваахоўнікі выявілі 43 кіроўцаў, якія «парушалі правілы карыстаньня гукавымі сыгналамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 сакавіка ў Менску затрымалі больш за 170 чалавек, дзясяткі затрыманых у рэгіёнах