Пры вобшуку ў кватэры Сьцяпана Латыпава, які прафэсійна займаецца лячэньнем дрэваў, знайшлі хімічныя рэчывы, пасьля чаго дзяржаўная прапаганда заявіла, што ён нібыта з дапамогай гэтых рэчываў рыхтаваўся труціць міліцыянтаў.
Сябры Сьцяпана Латыпава і ягоныя суседзі з вуліцы Чарвякова вядуць зь ім перапіску, а асноўныя зьвесткі пра яго выкладваюць на старонку #весточкиОтСтепана. Там жа валянтэры зьмяшчаюць фатаздымкі некаторых яго лістоў. Вось што можна даведацца з гэтых допісаў.
«Валадарка» — шпіталь у Навінках — зноў «Валадарка»
Пасьля завядзеньня крымінальнай справы Сьцяпана Латыпава адпачатку зьмясьцілі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, прычым у корпус, вядомы дрэннымі ўмовамі. Паводле ліста, напісанага ў лістападзе, Сьцяпан пабываў у гэтак званым «Шанхаі».
«Гэта корпус у паўсутарэньні з нарамі ў тры паверхі, поўны прусакоў і маргіналаў, там я ляжаў гадзінамі, абгарнуўшы твар мокрым ручніком. Перавёў мяне адтуль лекар, які прачытаў артыкул пра мяне. Са словамі „калі цябе чакаюць такія людзі, значыць ты гэтага варты“. З дрэнных навінаў — тэрмін утрыманьня пад вартай працягнулі да 15.01», — паведаміў тады Латыпаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень 2020 – сакавік 2021. Мы сьведкі. „Яны разглядалі маю рану і захапляліся тым, як куля разарвала тканкі“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ сьнежні 2020 году сябры Сьцяпана Латыпава атрымалі зьвесткі, што ён знаходзіцца ў Навінках дзеля прызначанай экспэртызы. Адтуль яго перавялі на «Валадарку». Сьцяпан гэта пацьвердзіў, калі ў лютым адгукнуўся на перавод на ягоны рахунак невялікай сумы грошай.
«Адміністрацыя таксама гэта бачыць, і, хай і ў невялікім памеры, але гэта фармуе меркаваньне пра мяне як пра чалавека, якога любяць, чакаюць і цэняць», — напісаў Сьцяпан Латыпаў чалавеку, які вырашыў падтрымаць яго грашыма.
Перахварэў на каранавірус
У студзені на «Валадарцы» Сьцяпан Латыпаў у лёгкай форме перахварэў на каранавірус. Пра гэта паведамілі суседзі Сьцяпана Латыпава з вуліцы Чарвякова.
«Сам факт гэтага ніяк ня дзівіць, бо ў турмах адмыслова ствараюць умовы, каб людзі, якія туды трапілі, заразіліся», — мяркуюць людзі, якія перапісваюцца з палітвязьнем Латыпавым. «Пажадаем Сьцяпану хутчэйшага выздараўленьня», — напісалі суседзі Латыпава ў сярэдзіне студзеня 2021 году.
Праблемы зь перапіскай ня скончыліся дагэтуль
У канцы 2020 году ў палітвязьня пачаліся праблемы зь перапіскай. Вось што паведамляла крыніца #весточкиОтСтепы пра Латыпава летась 29 сьнежня:
«Сьцяпан просіць перадаць, што ў яго ўсё ў парадку, але бяда зь перапіскай. Вельмі шмат рэжа цэнзура — і ў той, і ў другі бок. За апошні тыдзень ён адправіў 60 лістоў і паштовак. Але, на жаль, зь іх даходзіць толькі малая частка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арганізатара менскіх шэсьцяў у падтрымку Лукашэнкі пачалі судзіць за зьбіцьцё суседаУ сакавіку адрасат зноў напісаў, што ліставаньне з Латыпавым штучна абмежаванае, бо, паводле ягоных зьвестак, турэмная «цэнзура з ковідам на бальнічным», але заклікаў людзей не спыняць намаганьняў і далей ліставацца з палітвязьнем.
Адрасаты Сьцяпана Латыпава паведамляюць яму, што ў двары ягонага дома рэгулярна праходзяць сустрэчы, на якіх згадваюць пра яго, абменьваюцца навінамі зь ліставаньня зь ім. У адным зь лістоў на волю сам Сьцяпан гэтак напісаў пра значэньне для яго гэтай сувязі з суседзямі, якіх ён ужо лічыць сваякамі: «Мне дасталася крыніца бязьмежнай моцы і цярпеньня — ваша любоў і падтрымка».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальныя суды і выракі 25 сакавіка: горадзенцу замянілі «хімію» на турэмнае зьняволеньнеШто да крымінальнай справы супраць Сьцяпана Латыпава, сам ён у лістах пра яе ня згадвае, але суседзі ведаюць, што яна дагэтуль не завершаная. У перапісцы трапляюцца паведамленьні, што Сьцяпана Латыпава наведвае адвакат.
Хто такі Сьцяпан Латыпаў?
У красавіку Сьцяпану Латыпаву споўніцца 41 год. Паводле прафэсіі ён арбарыст (дрэўны доктар), а раней працаваў прамысловым альпіністам. Дзякуючы рэдкаму занятку Латыпаў пабываў шмат у якіх краінах, пра што згадвае ў лістах на волю. Вось што піша Сьцяпан у адказ на атрыманую паштоўку зь відамі Куршскай касы:
«Двойчы бываў на Куршскай касе, часта хадзіў па дзюнах ва Ўэльсе і Гішпаніі, у Партугаліі не аднойчы даводзілася працаваць на дрэвах зь відам на дзюны і акіян. Гэта было здорава, дзякуй табе».
А яшчэ ў адным зь лістоў Сьцяпана Латыпава ёсьць такая фраза:
«Упэўнены, зараз менавіта раніца. Ня часу дня, а новай Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа Латыпава: «У чалавека, які прафэсійна займаецца зьнішчэньнем баршчэўніку, знайшлі хімрэактывы. Проста сьмешна!»