Раней сёньня падчас сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся пашырыць сьпіс чыноўнікаў Беларусі, адносна якіх уведзеныя санкцыі, на 118 новых асоб, інфармуе БелаПАН.
У паведамленьні на сайце МЗС Латвіі ўдакладняецца, што сумесныя санкцыі ўведзеныя таксама ў дачыненьні да прадстаўнікоў мясцовых органаў улады Беларусі. Абмежавальныя меры ўведзеныя на нявызначаны тэрмін.
«Гэтыя службовыя асобы датычныя да жорсткага здушэньня мірных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году, не прызнаных Эўразьвязам», — адзначаецца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва, Латвія і Эстонія ўводзяць санкцыі супраць яшчэ 118 беларускіх чыноўнікаўУ апублікаваны сьпіс, у прыватнасьці, уключаныя:
- Арцём Балаба (сын начальніка менскага АМАП Дзьмітрыя Балабы);
- начальнік 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС Міхаіл Бедункевіч;
- начальнік АМАП Менскай вобласьці Сяргей Бялькевіч;
- начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак;
- прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава і яе муж, намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Дзяніс Чамаданаў;
- афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менску Кацярына Гарлінская;
- Аліна Касьянчык — дзяржабвінаваўца па шэрагу палітычных крымінальных спраў, уключаючы працэс над журналісткамі тэлеканалу «Белсат» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.
У апублікаваным сьпісе таксама значыцца былы супрацоўнік ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў. Увечары 24 сакавіка ў сюжэце на тэлеканале «Беларусь 1» было заяўлена, што Лупаносаў, які цяпер знаходзіцца за межамі Беларусі, падчас працы ў ГУБАЗіК супрацоўнічаў з ініцыятывай BYPOL.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першае інтэрвію афіцэра ГУБАЗіКа, які перадаваў інфармацыю ByPol: «Рух супраціву ў органах ёсьць»Раней Латвія, Літва і Эстонія ўжо ўвялі санкцыі ў дачыненьні да 277 фізычных асоб, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшага сына Віктара Лукашэнкі, якіх лічаць датычнымі да рэпрэсій у Беларусі.