Мікіту Самарыну 25 сакавіка ў Горадзенскім абласным судзе прызначылі новае пакараньне — 2,5 года пазбаўленьня волі замест 4 гадоў «хіміі». Справу разглядала судовая калегія ў складзе судзьдзяў Андрэя Ліхача, Уладзімера Яўхуты і Валера Раманоўскага, піша Hrodna Life.
Суму кампэнсацыі пацярпеламу амапаўцу Біліду павялічылі — з 500 да 2000 рублёў.
Сам Мікіта ў суд не зьявіўся. Ён накіраваў ліст празь сябра. Паводле яго інфармацыі, у залі суду плянавалі адвольныя затрыманьні, што пагражала яму і прысутным. У будынку суду сапраўды знаходзіліся сілавікі.
Самарына асудзілі паводле арт. 364 КК за распыленьне газу ў твар амапаўцам 25 жніўня. Пасьля затрыманьня 5 кастрычніка Мікіту кінулі ў мікрааўтобус у кайданках, зацягнутых вышэй запясьцяў — там у яго засталіся шнары ад рэзаных ран. У аўтобусе Самарыну нажом абрэзалі доўгія валасы.
Затым у Галоўнай управе па арганізаванай злачыннасьці яму загадалі даць паказаньні на сябе пад пагрозай завядзеньня крымінальнай справы супраць затрыманага разам зь ім сябра, а самога Самарына пагражалі вывезьці ў лес.
Пракуратура палічыла 4 гады «хіміі» замалым пакараньнем, таму зрабіла перагляд прысуду. На яе думку, першы суд «не ўлічыў характар прычыненых пацярпеламу амапаўцу Біліду фізычных і маральных пакутаў». Пры гэтым сьведкі на судзе сьведчылі на карысьць Самарына, а Біліда пры першым аглядзе 25 жніўня прызнаўся, што сам распыліў газ сабе ў твар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальныя суды і выракі 24 сакавіка: дызайнэру Кубараву прысудзілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: Органы папярэдняга расьсьледаваньня Беларусі атрымалі 4644 скаргі пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў сілавікамі