«Наша рэвалюцыя годнасьці — мастацкая». У Кіеве праходзіць выстава беларускіх мастакоў

Заля Мастацкага арсэналу з экспазыцыяй «Кожны дзень»

У цэнтры Кіева, у Мастацкім арсэнале, які лічыцца адной з найбольшых культурных пляцовак ва Ўкраіне, адкрылася выстава беларускіх мастакоў «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасьць, супраціў».

У найбольшай за апошні час выставе сабралі разнажанравыя творы больш як 80 мастакоў зь Беларусі.

Выставу меліся адкрыць для масавага гледача 25 сакавіка, у Дзень Волі, але ў Кіеве ў сувязі з пашырэньнем каранавірусу ўвялі локдаўн, і яна будзе працаваць пакуль віртуальна — арганізатары ўжо рыхтуюць 3D-тур па выставе, аўдыёгід і дыскусійную праграму, якія будуць разьмешчаныя ў сацыяльных сетках Мастацкага арсэналу.

Дырэктарка Мастацкага арсэналу Алеся Астроўская-Люта (зьлева) з двума беларускімі куратарамі выстаўкі — Антанінай Сьцебур і Андрэем Дурэйкам

«Выстава беларускага сучаснага мастацтва ў цяперашні гістарычны момант — гэта ня толькі эстэтычны досьвед, хоць ён, безумоўна, перш за ўсё. Гэта таксама інтэлектуальнае пагружэньне ў прычыны рэчаіснасьці Беларусі і важны жэст падтрымкі беларускай культурнай сцэны», — кажа дырэктарка Мастацкага арсэналу Алеся Астроўская-Люта.

Мастацкі арсэнал у Кіеве

«Падарунак прэзыдэнту» даехаў да Кіева

Беларускую экспазыцыю адкрываюць творы мастака Алеся Пушкіна зь ягонага «Турэмнага альбому». Першым прадстаўлены ягоны вядомы пэрформанс «Падарунак прэзыдэнту», які ён зрабіў у 1999 годзе, але крыху абноўлены — цяпер на партрэце Аляксандра Лукашэнкі, замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу», разьлітая чырвоная фарба, якая сымбалізуе кроў.

Алесь Пушкін са сваім пэрформансам

Алесь Пушкін кажа, што яму прыемна адкрываць прэзэнтацыю беларускага сучаснага мастацтва ў Кіеве і адначасова сумна. «Сумна таму, што і праз 22 гады мой пэрформанс актуальны, і я прыкаціў гэтую тачку ў Мастацкі арсэнал, зрабіў тое самае, толькі паліў чырвонай фарбай партрэт Лукашэнкі, які стаў ужо крывавым дыктатарам».

Мастак мяркуе, што ў кіеўскай выставе арганізатарам удалося акумуляваць галоўную ідэю — мастацкасьць пратэставага руху ў Беларусі зь лета 2020 году.

Твор Ігара Цішына «Лінія страху»

«Я канстатую факт, што беларуская рэвалюцыя годнасьці — мастацкая. Паглядзіце, якія плякаты, якія шэсьці, якія касьцюмы, якія пэрформансы. Недарэмна сьвет успрымае мастацтва, а мастацтва мяняе сьвет. Сьвет не прымае тэрарызму і гвалту. Выставы былі па ўсім сьвеце — Амстэрдам, Бэрлін, Познань, Сан-Францыска, цяпер Кіеў. Найбольш выдатная выстава, як канстатацыя мастацкай рэвалюцыі. І акцыі пратэсту маюць выдатны мастацкі бок — вобразны, візуальны».

Алесь Пушкін мяркуе, што цяпер беларусам трэба прадоўжыць свой пратэст пераходам на выкарыстаньне беларускай мовы.

«Я не хачу цябе забіваць» Максіма Сарычава

«Можа, гэта важней, чым недзе ў лесе сфатаграфавацца са сьцягам і па-расейску сказаць „Живёт Беларусь“? Пад сьнягамі драмае вясна. Я веру, што энэргія тых сотняў тысяч не прайшла дарэмна. Мы ў галовах усе іншыя. Я баюся толькі аднаго — калі беларусы, якія размаўляюць па-расейску, будуць забіваць беларусаў, якія размаўляюць па-беларуску, а Пуцін будзе паціраць рукі і казаць: „Это гражданская война, мы тут ни при чём“.... Вось у мяне 24 гады на хаце вісеў сьцяг, а цяпер мне далі штраф — за тое, што гэта экстрэмізм. Дык што — наступнымі будуць рэпрэсіі за тое, што я размаўляю на беларускай мове і нашу вышыванку?»

Твор Юры Шуста «Нэафіт» II

Мастак Юры Шуст працуе ў некалькіх жанрах. У Кіеў ён прывёз інсталяцыю «Нэафіт». Гэты праект ён запачаткаваў у 2019 годзе, а другую частку зрабіў у 2020-м, якраз у той час, калі ў Менску адбываліся масавыя акцыі пратэсту. Героі праекту «Нэафіт» жывуць у паралельнай рэальнасьці.

«Я ня маю адназначнага адказу на пытаньне, пра што мая інсталяцыя. Я не кадую свае працы такім чынам, каб можна было адразу аддаць гледачу расшыфроўку, якую ён можа прыкласьці да гэтай працы і зразумець. Кожны можа ўкласьці ў яе элемэнты свой досьвед і веды. Што натхніла мяне на гэты праект? Патэнцыя маладосьці, якая перамагае страх і сьмерці».

«Беларускае мастацтва ёсьць, і ім можна ганарыцца»

Выстава была зладжаная фактычна дыстанцыйна — за 4 месяцы ўзгаднілі працы, мастакоў і праект. Такія ж рэкордныя і тэрміны мантажу экспазыцыі, у якой сабраныя фота- і відэатворы, малюнкі і інсталяцыі.

«Гэта вельмі кароткі час для такой падзеі, але яна ўдалася», — кажа адзін зь беларускіх куратараў выставы, мастак Андрэй Дурэйка. Ён ужо 15 гадоў займаецца прэзэнтацыяй беларускага мастацтва за межамі Беларусі і ў Беларусі.

Андрэй Дурэйка на тле сваёй працы «Пунктуацыя»

Паводле яго, Кіеў, як і Варшава зь Вільняй, — горад сілы, і з гэтага пункту гледжаньня прадставіць сучаснае беларускае мастацтва менавіта ва ўкраінскай сталіцы было вельмі важна.

«Вядома ж, гэта лягічна, што Ўкраіна глядзіць на Беларусь, разумее, што там адбываецца, і разумее важнасьць мастацтва, яго моцы і яго ўплыву. Акурат беларускі пратэст мінулага году паказаў увесь патэнцыял, зьвязаны з эстэтыкай, як беларусы змаглі абраць сымбалі — тая ж Ева альбо малюнкі, якія сталі сымбалем аб’яднаньня. Колькі крэатыву, гарадзкога фальклёру! Мы бачым, што гэтыя рэчы сьведчаць аб станаўленьні нацыі, аб тым, што ў нацыі ёсьць патэнцыял. І Ўкраіна гэта вельмі добра разумее», — кажа Андрэй Дурэйка.

Твор Надзі Саяпінай «Лялечны домік»

Мастак спадзяецца, што пасьля локдаўну ўкраінцы змогуць наведаць выставу беларускага мастацтва. «Вядома, мы крыху страцілі, але зробленая неймаверная праца. Гэта найбольш рэпрэзэнтатыўная выстава за апошняе дзесяцігодзьдзе. І тут гаворка ня толькі аб пратэставым мастацтве. Гэта гаворка пра мастацтва як доўгатэрміновы праект, мастацтва, якое дасягнула ўжо такога ўзроўню, што мы можам ня проста казаць, што яно ёсьць, а і ганарыцца ім. Таму так ці інакш беларускае мастацтва дойдзе да гледача і будзе мець свой працяг».

Беларуская мастачка Антаніна Сьцебур, суарганізатарка выставы ў Кіеве

Яшчэ адна з арганізатараў выставы, Антаніна Сьцебур, вядомая як сузаснавальніца праекту пра гендэрную дыскрымінацыю ў Беларусі #дамаудобнаявбыту і плятформы «Spaika», лічыць вялікай раскошай магчымасьць сабраць у адным месцы вялікую колькасьць твораў без цэнзуры і абмежаваньняў. «Напэўна, супалі некаторыя кантэксты — палітычны, асабісты, сацыяльны, культурны... Калі ўсё гэта супала, то і стала магчымым. Нейкія з гэтых кантэкстаў сумныя, нейкія, наадварот, поўныя надзеі і натхненьня».

Плякаты з праекту Антаніны Сьцебур #дамаудобнаявбыту

Выстава будзе працаваць да 4 траўня. Арганізатары спадзяюцца, што ўкраінскі глядач зможа наведаць экспазыцыю і азнаёміцца зь беларускім сучасным мастацтвам.

«Лінія страху» Ігара Цішына

Антаніна Слабодчикава, Requiem for a Dream Антаніны Слабодчыкавай