Жонка Статкевіча: Мікалаю выставілі артыкул за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пойдзе як рэцыдывіст

Мікалай Статкевіч, 24 траўня 2020, апошні дзень на волі

Марына Адамовіч, жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча, кажа, што канчатковае абвінавачаньне Мікалаю выстаўленае за «арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч.1 арт. 293). Ён пацьвердзіў ёй гэта ў перапісцы.

Першапачаткова Статкевічу выставілі абвінавачаньне за «арганізацыю ці ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт 342). Гэта да 8 гадоў.

Потым дадалі «Арганізацыю масавых беспарадкаў» — гэта да 15 гадоў.

А цяпер, паводле Мікалая, перакваліфікавалі ўсё ў адно: «Арганізацыя масавых беспарадкаў». Па гэтым жа артыкуле пасьля разгону Плошчы-2010 яму далі 6 гадоў узмоцненага рэжыму. Выйшаў па амністыі ў 2015 — цяпер у яго непагашаная судзімасьць: для асабліва цяжкіх злачынстваў яна лічыцца нязьнятай 8 гадоў пасьля вызваленьня. З улікам гэтага ён пойдзе як рэцыдывіст, мяркуе Марына.


Усё пачалося з таго, што Статкевічу далі першыя 15 сутак за пікет па зборы подпісаў на Камароўцы 24 траўня. Потым дадавалі суткі, дадавалі абвінавачаньні, перакваліфікоўвалі іх зь лягчэйшых на цяжэйшыя. Ад таго часу на волю ён не выходзіў.

Згадваючы эвалюцыю абвінавачаньня, Марына Адамовіч зазначае: «З канца траўня гэта зрабілася адміністратыўным правапарушэньнем, у канцы чэрвеня — менш цяжкім крымінальным злачынствам, у сьнежні — цяжкім, а зараз — асабліва цяжкім злачынствам».