Беларускі фонд культурнай салідарнасьці заклікаў беларускіх артыстаў ня браць удзелу ў шоў «X-фактар», беларускую вэрсію якога здымае Белтэлерадыёкампанія. У фондзе прызнаюць высокі статус конкурсу, аднак разам з тым гавораць аб недапушчальнасьці здымак у кампаніі, якая ўдзельнічае ў інфармацыйнай вайне.
«Усе ўжо бачылі, у якое сьмецьце Белтэлерадыёкампанія ператварыла „Эўравізію“, але ганьбяць яны ня нас з вамі, а рэжым, якому прыслугоўваюць», — заявіў фонд у адмысловым відэа.
У Фондзе культурнай салідарнасьці спадзяюцца, што выканаўцы ня будуць браць удзел у шоў на тым канале, які «нахабна маніць і падтасоўвае факты».
Заклікаў устрымацца ад удзелу ў конкурсе і адзін з кіраўнікоў фонду Сяргей Будкін.
«Ці вы хочаце, каб ваш выступ паказалі пасьля вечаровага прапагандысцкага выданьня, дзе прадстаўнік рэжыму ў пагонах заяўляе, што будзе страляць у тых, хто нязгодны зь яго пазыцыяй? Ці пасьля сцэны „прызнаньня ў дэстабілізацыі сытуацыі“ студэнта ці маладой маці, выбітага ў выніку допытаў, шантажу і катаваньняў? Ці вы сапраўды хочаце быць у этэры, на адным канале, разам з гэтым усім трэшам і хлусьнёй?»
На сваёй старонцы ў фэйсбуку Будкін папрасіў беларусаў ведаць, што іх талент абавязкова прыдасца ў новай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Будкін: «Яны рэальныя спадкаемцы савецкіх катаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля прагляду кліпа «Галасы ЗМеста» інфапартал Eurovoix адмовіўся асьвятляць удзел Беларусі ў «Эўравізіі-2021» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Польскія нацысты» і «сарасяты». Як лукашэнкаўская прапаганда выкарыстоўвае гістарычныя тэмы і што з гэтым рабіць?