У адказе Менгарвыканкаму некалькі прычын адмовы. На думку чыноўнікаў, выбраны арганізатарамі маршрут не адпавядае патрабаваньням закону, піша tut.by. Хоць маршрут раней ужо выкарыстоўваўся на Дзень Волі: шэсьце ад скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці з вуліцай Янкі Купалы да плошчы Парыскай камуны, 1, мітынг на пляцоўцы перад Опэрным тэатрам.
Акрамя таго, гарадзкія ўлады спасылаюцца на тое, што ў арганізатараў ёсьць дамова толькі з «хуткай дапамогай», але няма дамовы зь міліцыяй і камунальнікамі, якія адмовіліся суправаджаць шэсьце.
Прычынамі адмовы міліцыянты ў адказе за подпісам начальніка ГУУС сталіцы Міхаіла Грыба пазначылі каранавірус, маршрут і заклікі розных тэлеграм-каналаў «да правядзеньня несанкцыянаваных акцый, у тым ліку экстрэмісцкага характару».
У Менгарвыканкаме таксама лічаць, што арганізатары парушылі закон, апавясьціўшы СМІ аб маршруце і даце акцыі да атрыманьня адказу ад выканкаму. Хаця дата сьвяткаваньня Дня Волі не пераходная, ён заўсёды адзначаецца 25 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфармаваньне пад расьпіску і забарона адгулаў. Як у ВНУ і на прадпрыемствах рыхтуюцца да Дня ВоліНа думку прадстаўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, які быў адным з заяўнікаў акцыі, уладам для адмовы хапіла б і таго, што камунальнікі зь міліцыянтамі адмовіліся падпісваць пагадненьне з арганізатарамі. Аднак чыноўнікі вырашылі знайсьці яшчэ «кучу пацьверджаньняў» свайму рашэньню. Губарэвіч падкрэсьліў, што для правядзеньня розных дзяржаўных сьвятаў, і нават у закрытых памяшканьнях, каранавірус не зьяўляецца праблемай.
Таксама заяўнікі акцыі нідзе нідзе не агучвалі падрабязнасьцяў шэсьця. Адказ за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкама, па словах Юрася Губарэвіча, выглядае як «бяздумнае капіяваньне іншых адказаў з адмовамі, нават бяз вычыткі зьместу».
«Пасьля адмовы міліцыі ахоўваць парадак на акцыі 25 сакавіка, рашэньне Менгарвыканкаму пра забарону акцыі было прадказальным. Але вельмі дзіўна, што гарадзкое начальства спасылаецца на рэкамэндацыі міністэрства аховы здароўя — менавіта са службамі аховы здароўя мы дамовы акурат заключылі, зь іх боку пярэчаньняў не было», — сказаў іншы заяўнік акцыі, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Ён адзначыў, што партыя БНФ ня згодная з забаронай акцыі, лічыць забарону беспадстаўнай і незаконнай. Заяўнікі накіруюць скаргі ў суды на незаконныя дзеяньні міліцыі і на самое рашэньне ўладаў забароніць акцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заяўніка магілёўскага мітынгу да Дня Волі пракурор папярэдзіў аб адказнасьці і згадаў дэструктыўныя элемэнтыНапярэдадні старшыня адной з партый-заяўніц, сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў атрымаў 15 содняў арышту нібыта за супраціў міліцыянтам.
Старшыня КДБ Іван Тэртэль раней заяўляў, што спэцслужбам нібыта вядома пра «спробы дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне» 25-27 сакавіка. У сваю чаргу намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў прыгразіў, што ўсялякія несанкцыянаваныя акцыі будуць жорстка спыняцца, як і падчас выбарнай кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэру сацыял-дэмакратаў Ігару Барысаву прысудзілі 15 сутак нібыта за «непадпарадкаваньне» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заклікаў 25 сакавіка выходзіць на вуліцы па ўсёй краіне