Дарадца Дзярждэпартамэнту ЗША Дэрэк Шале ў панядзелак заклікаў неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі і, у прыватнасьці, кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка. Гэта адбылося падчас тэлефоннай размовы зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту заявіў пра рашучую падтрымку Злучанымі Штатамі прапаноў пра сапраўдны дыялёг зь лідэрамі пратэставага руху з мэтай правядзеньня сёлета свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраньнем.
Бакі таксама абмеркавалі абмен пасламі паміж Беларусьсю і ЗША.
Што сказаў Макей
МЗС Беларусі агучыла сваю вэрсію размовы ў афіцыйным паведамленьні.
«У сувязі з выказанымі Дэрэкам Шале шэрагам заклапочанасьцяў, Уладзімер Макей заклікаў амэрыканскі бок абʼектыўна падыходзіць да ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, акцэнтаваў увагу на контрапрадуктыўнасьці спробаў чыніць ціск на сувэрэнную дзяржаву.
У гэтым кантэксьце міністар зьвярнуў увагу на той факт, што шэраг заяў амэрыканскага боку зробленыя, як пад капірку.
Макей таксама перасьцярог суразмоўцу ад жаданьня ўзьдзейнічаць на працу праваахоўнай альбо судовай сыстэмы Беларусі», — паведаміла міністэрства.
Паводле праваабаронцаў, у Беларусі 288 палітычных зьняволеных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на два месяцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што казалі ў Вільні на Форуме Каліноўскага з удзелам Ціханоўскай, амбасадаркі ЗША і прадстаўнікоў ЭЗ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі Вольгу Завадзкую і Міхаіла Беркаса