Беларускія ўлады ініцыявалі ліквідацыю «Польскай школы» ў Берасьці

Заняткі ў «Польскай школе», ілюстрацыйнае фота.

Пракуратура Берасьця падала пазоў аб ліквідацыі ТАА «Польская школа». Падставай — «грубае парушэньне заканадаўства, якое пацягнула за сабой прычыненьне шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам».

«Пад выглядам аказаньня інфармацыйных і культурна-адукацыйных паслугаў з удзелам ня менш як 20 непаўналетніх навучэнцаў і маладых берасьцейцаў услаўляліся ваенныя злачынцы, уключна з Рамуальдам Райсам, вядомым пад мянушкай Буры», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-служба ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура пачала справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў». Раней за гэта выдварылі польскага консула, а ў адказ – беларускага дыплямата

10 сакавіка за «зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў дзеля рэабілітацыі нацызму» пракуратура завяла крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК.

У яе межах затрымалі сузаснавальніка «Польскай школы» і дырэктарку Ганну Панішаву, якая тэрмінова вярнулася ў Беларусь пасьля камандзіроўкі ў Польшчу. Яны праходзяць як падазраваныя. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну адпусьцілі пад падпіску, жанчына застаецца пад вартай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік польскай амбасады ў Менску пракамэнтаваў скандал пасьля імпрэзы ў Берасьці, які скончыўся высылкай дыпляматаў

28 лютага ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута прайшла імпрэза з нагоды дня памяці «выклятых жаўнераў». Яе наведаў консул Польшчы ў Берасьці Ежы Цімафеюк.

З гэтай нагоды МЗС Беларусі ўручыла ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Польшчы Марціну Вайцяхоўскаму. Дыплямату паведамілі, што консул парушыў нормы міжнароднага права і мусіць пакінуць тэрыторыю краіны.

У адказ пэрсонай нон грата быў абвешчаны дыплямат з амбасады Беларусі ў Варшаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму выгадны канфлікт паміж Менскам і Варшавай вакол памяці польскіх жаўнераў

Сьледам на патрабаваньне МЗС Беларусі зьехалі кіраўнік і консул Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні. На гэта з польскай сталіцы выслалі яшчэ двух беларускіх консулаў.

Цяпер сілавікі правяраюць польскія адукацыйныя цэнтры ў Горадні, Баранавічах, Ваўкавыску.