Прэзыдэнт Танзаніі, які адмаўляў каранавірус, памёр пасьля шпіталізацыі з COVID-19

Джон Магуфулі

Прэзыдэнт Танзаніі Джон Магуфулі памёр ва ўзросьце 61 году. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі паведаміла віцэ-прэзыдэнтка краіны. У пачатку сакавіка кіраўнік дзяржавы перастаў зьяўляцца на публіцы; апазыцыя заяўляла, што ён шпіталізаваны з COVID-19 у суседняй Кеніі.

Магуфулі ня ўводзіў у краіне карантыну і раіў прыхільнікам лячыцца малітвамі. Ён высьмейваў вакцынацыю, не насіў маску, а краіна не публікавала пры ім статыстычныя дадзеныя аб колькасьці тых, хто захварэў каранавірусам новага тыпу. Прэзыдэнт тлумачыў сваю пазыцыю тым, што не давярае замежнай навуцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брытаніі першую дозу вакцыны атрымалі 25 мільёнаў чалавек

У апошні раз ён зьяўляўся на публіцы 27 лютага. На мінулым тыдні прэм’ер-міністар краіны заяўляў, што прэзыдэнт здаровы і шмат працуе. Міністар прававых адносін Мвігулу Нчэмба заявіў у твітэры, што прэзыдэнт «ня трэнэр па бегу, каб прабягаць міма вас кожны дзень».

Як мінімум чатырох чалавек арыштавалі за распаўсюд чутак пра яго хваробу, — перадае The Financial Times. Апазыцыя ўпэўненая, што прэзыдэнт мог памерці яшчэ на мінулым тыдні. Паводле афіцыйнай вэрсіі, прэзыдэнт памёр ад хваробы сэрца ў найбуйнейшым горадзе краіны Дар-эс-Саламе.

  • Пра пагаршэньне сытуацыі з каранавірусам новага тыпу ў Танзаніі ў студзені заявіла амбасада ЗША. 26 лютага паездкі ў краіну забараніла Чэхія. Аўтаномны рэгіён краіны Занзібар стаў адным з нешматлікіх турыстычных напрамкаў, адкрытых у сьвеце падчас пандэміі.
  • Першы віцэ-прэзыдэнт Занзібара Сэйф Хамад у лютым памёр ад каранавіруснай інфэкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: ва Ўкраіне зафіксавалі максымальную колькасьць сьмерцяў за дзень. Агляд навінаў пандэміі ў сьвеце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе спадзяваліся на вакцыну ад каранавірусу. Чаму вакцынацыя ідзе так павольна