Сьледчы камітэт скончыў праверку па факце сьмерці футбольнага фаната з Маладэчна Мікіты Крыўцова, які зьнік 12 жніўня 2020 году і якога знайшлі павешаным у менскім лесапарку.
Паводле СК, характар траўмаў, паказаньні сьведак і запісы камэр відэаназіраньня ўказваюць на тое, што гэта было самагубства, таму крымінальнай справы ня будзе.
У жніўні 2020 году Сьледчы камітэт заяўляў, што на карысьць вэрсіі аб самагубстве сьведчыць тое, што Мікіта Крыўцоў ня ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.
У верасьні «Наша Ніва» апублікавала сваё дасьледаваньне пра сьмерць Мікіты Крыўцова, якога знайшлі павешаным пасьля акцыі пратэсту 9 жніўня. У гэтай інфармацыі выданьне спасылалася на сяброў загінулага.
9 жніўня ў Маладэчне мужчына стаяў насупраць ланцуга сілавікоў зь бел-чырвона-белым сьцягам. На наступны дзень ён быў ужо ў Менску, уцёк ад сілавікоў, вяртаўся ў Жодзіна. 11 жніўня яшчэ выходзіў на сувязь — 12-га ўжо не. Сьведка кажа, што 13-га бачыў Крыўцова жывым, але з разьбітым тварам на МКАД у Менску — той прасіў перадаць маці, што зь ім усё нармальна, але днём раней яго схапілі невядомыя, трымалі ў нейкай спартовай залі, выкінулі на наступны дзень на дарозе.
Выданьне таксама здабыла фота ад чалавека, які знайшоў цела Крыўцова 22 жніўня. «На здымку відаць, што Мікіта стаіць на зямлі. Складана ўявіць, як можна скончыць жыцьцё самагубствам у такой позе», — пісала «Наша Ніва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі са жніўня на 65 футбольных фанатаў завялі крымінальныя справы