Зводнае расейска-беларускае падразьдзяленьне пачало сумесныя тактычныя вучэньні на палігоне «Поливно» пад Ульянаўскам.
Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Расеі, актыўная фаза праходзіць 16-19 сакавіка, задзейнічана каля 500 вайскоўцаў і 100 адзінак баявой тэхнікі Ўльянаўскага дэсантна-штурмавога злучэньня і каля 80 байцоў дэсантна-штурмавога злучэньня зь Берасьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве заявілі пра ваенную пагрозу зь Беларусі ў сувязі зь беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2021»Таксама ў Ніжагародзкай вобласьці на палігоне «Мулино» стартавала сумеснае тактычнае вучэньне танкавай арміі Заходняй акругі і беларускіх вайскоўцаў. Задзейнічана больш за 300 чалавек і паўсотні адзінак спэцыяльнай тэхнікі.
У тыя ж тэрміны на беларускіх палігонах адбываецца штабная трэніроўка сілаў ВПС і СПА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыбылі расейскія дэсантнікі для ўдзелу ў сумесных вучэньняхЯк удакладняюць у Міністэрстве абароны, адпрацоўваюцца сумесныя апэрацыі рэгіянальнай групоўкі войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і паветрана-касьмічных сіл Расеі. Расейскія вайскоўцы ўжо прыбылі ў Беларусь.
Апрача таго, з 14 па 27 сакавіка на Асіповіцкім палігоне праходзяць тактычныя вучэньні з асабістым складам 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгады.
Як паведамляе прэс-служба Мінабароны Беларусі, у іх бяруць удзел каля 100 вайскоўцаў 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Ўзброеных сіл Расеі.
Вучэньне праводзіцца ў адпаведнасьці з плянам супрацоўніцтва паміж міністэрствамі абароны Беларусі і Расеі на 2021 год, яно пройдзе ў тры этапы.
У 2020 годзе ў пэрыяд палітычнага крызісу ў Беларусі прайшло некалькі маштабных вайсковых вучэньняў з удзелам расейскіх узброеных сіл.