Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода выказаў падтрымку Ігару Лосіку і палітзьняволеным Беларусі, адказаў, калі прыедзе ў Менск амбасадар Джулія Фішэр, параўнаў палітыку ў адносінах да Беларусі прэзыдэнтаў Трампа і Байдэна, выказаўся пра ролю Расеі і патлумачыў хаду Акта аб дэмакратыі ў Беларусі.
Гутарку вёў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.
Калі ў Менск прыедзе амбасадарка ЗША
— Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр наведала Эўропу і сустрэлася са Сьвятланай Ціханоўскай. Якія пэрспэктывы яе прыезду ў Менск і ўручэньня даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку? Ці ёсьць нейкія іншыя варыянты?
— Так, амбасадарка Джулі Фішэр мела вельмі ўдалы візыт і ў пачатку гэтага году правяла кансультацыі зь сябрамі і партнэрамі. Яна наведала Вільню, Варшаву і Швэцыю. І мы прапрацоўваем шматступенны працэс з мэтай дамагчыся, каб прызначаная амбасадаркай Фішэр прыехала ў Менск як мага хутчэй і прыступіла да выкананьня сваіх абавязкаў у Беларусі. Так што гэта цяпер абмяркоўваецца з урадам Беларусі.
— Ці зьвязана гэта з тым, што беларускі бок не прызначыў новага амбасадара ў Вашынгтон пасьля сьмерці папярэдняга кандыдата?
— Было вельмі шкада, калі былы намесьнік міністра замежных спраў Краўчанка раптоўна памёр у канцы мінулага году. Шмат хто з нас цесна супрацоўнічаў зь ім. Раней ён доўгі час займаў пасаду паверанага ў справах у Вашынгтоне, і мы зь нецярпеньнем чакалі ягонага вяртаньня ў якасьці амбасадара. Так што гэта была трагедыя як для яго і яго сям’і, так і для Беларусі і нашых адносін. І мы чакаем прызначэньня новага кандыдата, але мы таксама лічым, што можна рухацца наперад з пытаньнем прыбыцьця ў Менск амбасадаркі незалежна ад таго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадаркай ЗША Джулі Фішэр— Ці адбываецца цяпер які-небудзь дыялёг паміж Вашынгтонам і Менскам?
— Так, у нас ёсьць дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю. У нас ёсьць павераны ў справах у Менску, ёсьць таксама павераны ў справах у пасольстве Беларусі тут, у Вашынгтоне, і таму можна ўзаемадзейнічаць, і мы гэта маем, у абедзьвюх сталіцах.
Неадменная ўмова зьняцьця санкцыяў — вызваленьне палітвязьняў
— У мінулым Эўрапейскі Зьвяз і ЗША разам заяўлялі пра сваю падтрымку як сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, так і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Летась ЗША нават пастаўлялі нафту ў Беларусь. Цяпер Беларусь зноў купляе яе ў Расеі — і зноў настаў час санкцый. Як вы бачыце рашэньне гэтай дылемы? А можа, гэта немагчыма вырашыць у прынцыпе?
— Пазыцыя Злучаных Штатаў застаецца пасьлядоўнай: мы падтрымліваем сувэрэнную, незалежную Беларусь, якая паважае дэмакратычную волю грамадзян, правы чалавека і міжнародныя абавязаньні краіны. Гэта ў нашых інтарэсах, гэта таксама ў прынцыпе і ў інтарэсах беларусаў. Але, відавочна, мы былі б рады мець лепшыя дачыненьні, чым цяпер.
Мы будзем працягваць працаваць у партнэрстве з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі для прасоўваньня агульных інтарэсаў. І ў рамках гэтага, што да палітычнага разьвіцьця, мы будзем надалей падтрымліваць намаганьні, якія паспрыяюць сапраўднаму нацыянальнаму дыялёгу паміж дзяржаўнай уладай Беларусі і грамадзянскай супольнасьцю. І мы працягваем верыць, што АБСЭ, у якой сёлета старшынюе Швэцыя, мае добрыя магчымасьці прапанаваць гэта нам, бо Беларусь ёсьць чальцом АБСЭ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканская нафта пачала паступаць на «Нафтан»Якія кампаніі і якіх партнэраў Беларусь выбірае для партнэрства ў нейкіх канкрэтных угодах — эканамічных і гандлёвых — цалкам залежыць ад уладаў Беларусі і беларускіх кампаніяў. У нас ёсьць гандаль зь Беларусьсю — як вы ўжо згадвалі, летась упершыню былі пастаўкі амэрыканскай сырой нафты, — але я думаю, што мы можам шукаць магчымасьці для супрацоўніцтва і ў далейшым. Але зноў жа беларускія кампаніі, у тым ліку іх нафтаперапрацоўчыя заводы, маюць права заключаць кантракты з пастаўнікамі — ёсьць расейскія, амэрыканскія, саудаўскія, азэрбайджанскія або нарвэскія.
— Гаворачы пра санкцыі. У красавіку зноў надыходзіць час, калі ЗША маюць перагледзець прыпыненыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Ці вядуцца якія-небудзь дыскусіі зь Менскам пра тое, што Менск павінен рабіць, каб пазьбегчы ўвядзеньня санкцый, — ці гэта аднабаковы працэс, які вырашаецца толькі ў Вашынгтоне?
— Я думаю, што большасьць пытаньняў, зьвязаных з дачыненьнямі, падлягаюць размовам і дыялёгу. Вы маеце на ўвазе генэральныя ліцэнзіі, якія былі ўпершыню выдадзеныя ў 2015 годзе і рэгулярна перавыдаваліся пасьля гэтай даты. Яны тычыліся не двухбаковага гандлю зь Беларусьсю ў цэлым, а канкрэтна гандлю зь недзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія былі пералічаныя ў распараджэньні 2006 году. І дзейная генэральная ліцэнзія мае абмежаваны ў часе дазвол, тэрмін якога сапраўды канчаецца ў канцы красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што новая адміністрацыя ЗША думае пра БеларусьВыпуск ліцэнзіяў, пачынаючы з 2015 году, быў зьвязаны з агульным паляпшэньнем сытуацыі з правамі чалавека, пачынаючы ад першапачатковага ўвядзеньня санкцыяў у 2006 годзе ў сувязі з выбарамі, падчас якіх мелі месца фальсыфікацыі, а затым і рэпрэсіі. І адным зь неадменных элемэнтаў умоваў выдачы ліцэнзіі была адсутнасьць палітвязьняў — і ў Беларусі не было палітвязьняў з 2015 да сярэдзіны 2020 году.
На жаль, зь сярэдзіны 2020 году, паводле ацэнак экспэртаў, цяпер у Беларусі налічваецца больш за 280 палітычных зьняволеных. І таму ясна, улічваючы прававую аснову санкцый і выдачу агульных адмоваў, што гэта важна — як з гледзішча правоў чалавека, так і з боку патэнцыйнага падаўжэньня генэральнай ліцэнзіі — убачыць выразныя крокі, прадпрынятыя беларускімі ўладамі. Пазыцыя ЗША адназначная: палітвязьняў быць не павінна, і Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязьняў.
Свабоду Ігару Лосіку
— Паводле ўладаў Беларусі, у Беларусі няма палітвязьняў. Цікава, што мы цяпер адраджаем нашу старую праграму «Свабода ў турмах», якую мы спынілі ў 2016 годзе, калі палітвязьняў у Беларусі больш не засталося. Цяпер сярод палітычных зьняволеных знаходзіцца наш калега Ігар Лосік, які абвясьціў другі раз галадоўку. Амэрыканскія кангрэсмэны, Агенцтва глябальных мэдыя ЗША выказвалі падтрымку і патрабавалі яго вызваленьня. Але сытуацыя працягвае пагаршацца...
— Я падзяляю трывогу за стан здароўя і самаадчуваньне Ігара Лосіка. Урад ЗША заклапочаны гэтай сытуацыяй. Нядаўна я меў гутарку на гэтую тэму з прэзыдэнтам РСЭ/РС Джэймі Флаем. Ігару Лосіку нядаўна выставілі новыя абвінавачаньні. Журналістыка — не злачынства, і Ігар затрыманы несправядліва, і за кратамі занадта доўга. Апошнія новыя абвінавачаньні вылучаныя пасьля прысуду дзьвюм беларускім журналісткам, Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, за іх працу па асьвятленьні мірнага сходу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабоду слова — за краты. Экспэрты пра пакараньне Андрэевай і Чульцовай
Наш кангрэс выказаў свае меркаваньні. У сьнежні летась ён прыняў чацьвёртую вэрсію Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які таксама сярод іншага прадугледжваў санкцыі пры адсутнасьці прагрэсу ў правядзеньні свабодных і сумленных выбараў, вызваленьні палітвязьняў, спыненьні цкаваньня журналістаў і актывістаў і прыцягненьні да адказнасьці чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў і фальсыфікацыі выбараў. Такім чынам, зноў мы можам зрабіць гэта як адміністрацыя. Кангрэс выказаў свае меркаваньні. Мы можам рабіць гэта публічна і ў прыватным парадку. І мы можам зрабіць гэта, працуючы разам з партнэрамі і саюзьнікамі.
Трамп, Байдэн і Акт аб дэмакратыі ў Беларусі
— Ці можаце вы сказаць прыблізна, калі можа быць уведзены ў дзеяньне Акт аб дэмакратыі ў Беларусі? Калі беларуская грамадзянская супольнасьць, недзяржаўныя арганізацыі і СМІ могуць адчуць яго ўзьдзеяньне?
— Кангрэс прымае законы, а адміністрацыя — выканаўчы орган уладаў ЗША паводле другога артыкула Канстытуцыі — праводзіць палітыку. І паміж імі часта бывае ўзаемадзеяньне. Так, калі быў прыняты першы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, адміністрацыя (у той час на чале з прэзыдэнтам Бушам) выдала так званы Выканаўчы загад 13405, і гэта была першая падстава для ўвядзеньня санкцый супраць асобаў, а таксама дзяржаўных кампаніяў, што мы абмяркоўвалі раней. Такім чынам, гэта ўзаемадзеяньне паміж заканадаўчым органам уладаў ЗША паводле першага артыкула Канстытуцыі — Кангрэсам, і выканаўчым органам паводле другога артыкула Канстытуцыі — адміністрацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія магчымыя наступствы Акту аб дэмакратыі ў Беларусі— Спадар Кент, як вы можаце апісаць розьніцу паміж палітыкай ЗША ў дачыненьні да Беларусі пры адміністрацыі Трампа і адміністрацыі Байдэна?
— Я думаю, што ЗША праводзілі прынцыповую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, якая грунтуецца на нашых нацыянальных інтарэсах, а таксама на нашым жаданьні бачыць сувэрэнную, незалежную Беларусь, а таксама на правах беларускіх грамадзян. Адміністрацыя Байдэна выразна дала зразумець, што вернасьць дэмакратычным нормам і прынцыпам стане адметнай рысай палітыкі гэтай адміністрацыі. Але я б сказаў, што гэтыя два асноўныя напрамкі нашай палітыкі — падтрымка незалежнай, сувэрэннай Беларусі, а таксама падтрымка дэмакратычных правоў чалавека, якімі валодаюць беларусы, і права грамадзтва выбіраць сваіх лідэраў шляхам свабодных і сумленных выбараў — гэта прынцыпы, якія былі прынятыя як папярэдняй адміністрацыяй, так і цяперашняй адміністрацыяй Байдэна.
Ці можна ўплываць на сытуацыю ў Беларусі праз Маскву
— І пытаньне пра Расею. Ці бачаць ЗША хоць нейкія спосабы ўзьдзеяньня на тое, што адбываецца ў Беларусі, празь іншыя краіны — праз Расею, праз Кітай, празь іншых сяброў афіцыйнага Менску?
— Мы лічым, што важна весьці размову таксама з Расеяй. Летась у жніўні мы з намесьнікам сакратара Бігэнам пабывалі ў Расеі і сустрэліся зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і іншымі расійскімі чыноўнікамі ў справе сытуацыі ў Беларусі. Гэта была галоўная мэта паездкі. І, думаю, гэта ясна: Расея таксама чалец АБСЭ, і, з аднаго боку, мы ясна далі зразумець, што справы Беларусі павінны вырашаць беларусы. Што мы не імкнёмся адвярнуць Беларусь ад Расеі. Насамрэч апытаньні паказваюць, што беларусы ў пераважнай большасьці жадаюць больш цесных адносін з Расеяй, і тое, што адбывалася ў Беларусі, не было геапалітыкай, гаворка не ішла пра выбар паміж Усходам і Захадам, паміж ЗША і Расеяй. Але мы сапраўды далі зразумець нашым расейскім калегам, што менавіта дзеяньні Расеі патэнцыйна зьніжаюць павагу беларусаў да Расеі.
Мы заклікалі Расею глядзець у будучыню і шукаць адносін з усёй Беларусьсю, якая ўлучае і беларускае грамадзтва. І таму, я думаю, улічваючы ранейшыя цесныя дачыненьні, Беларусь і Расія непазьбежна будуць мець цесныя дачыненьні, але мы, безумоўна, хацелі б, каб Расея адыграла ў Беларусі станоўчую ролю.