Лукашэнка падпісаў указ аб Канстытуцыйнай камісіі: у ёй 36 чалавек, старшыня — Міклашэвіч

Канстытуцыйны суд

16 сакавіка Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў склад Канстытуцыйнай камісіі, якая будзе зьбіраць прапановы і распрацоўваць зьмены ў Асноўны закон Беларусі.

Напярэдадні ён сустракаўся зь яе сябрамі. Тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі «Пул Первого» яшчэ ўчора апублікаваў пэрсанальны склад камісіі. Як вынікала з паведамленьня, туды ўвайшлі 34 чалавекі — як чыноўнікі, так і людзі, далёкія ад заканатворчай дзейнасьці.

Цяпер ва ўказе ідзе гаворка пра 36 сябраў камісіі, кіраваць якой будзе старшыня Канстытуцыйнага суду Пятро Міклашэвіч, паведамляе БелТА.

Да 1 жніўня 2021 году Канстытуцыйная камісія павінна прадставіць Лукашэнку свае прапановы аб зьмяненьні Асноўнага Закону для вынясеньня на рэфэрэндум.

У пераліку сябраў камісіі прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, экс-генэральны пракурор Рыгор Васілевіч, дэпутат Ігар Марзалюк, палітолягі Аляксандар Шпакоўскі і Юры Васкрасенскі, паралімпіец Аляксей Талай, першая намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, кіраўнік Навукова-практычнага цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі Алег Румо ды іншыя.

У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачала працу Канстытуцыйная камісія. Хто ў яе ўвайшоў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэальная ўлада ў генсака УНС, а прэзыдэнт — вясельны генэрал? Якую новую Канстытуцыю рыхтуюць улады для беларусаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якая Канстытуцыя патрэбная Беларусі — дыскутуюць Баграцоў і Пастухоў