У судзе Савецкага раёну Менску скончыўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачаньні Валера Богдана ў «супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак» (арт. 363 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».
Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Воўк. Дзяржабвінаваўцам выступіў пракурор Рабаў.
У матэрыялах сьледзтва Валер Богдан фігураваў як удзельнік масавага мерапрыемства. 6 сьнежня 2020 году яго затрымалі на вуліцы Якуба Коласа ў Менску. У той самы дзень хтосьці пашкодзіў міліцэйскі спэцтранспарт — на бакавіне выявілі дзьве ўвагнутасьці. Сьледчыя вырашылі, што гэта зрабіў Богдан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 4,5 года турмы за тры кідкі нявызначаным прадметам на дарогу — прысуд за падзеі 10 жніўня каля ГЦ «Рыга» ў МенскуУ судовую залю сьведкі-міліцыянты прыйшлі ў балаклавах. На мінулае пасяджэньне яны не зьявіліся, матывуючы тым, што былі ў адпачынку. Адзін зь іх на судзе заявіў, што заўважыў трох чалавек, якія ішлі асобна, пры затрыманьні адзін зь іх паводзіў сябе спакойна, другі стаў уцякаць, а трэці — Богдан — пачаў супраціўляцца, штурхаць супрацоўніка, упірацца нагамі.
Затым старшына Базілевіч убачыў на аўтамабілі «Форд-Транзыт» увагнутасьці. Абодва сьведкі сказалі, што ня бачылі, хто наносіў удар па машыне, а іх паказаньні з нагоды пашкоджаньня транспарту запісалі больш як празь месяц пасьля падзей.
Пракурор запрасіў для абвінавачанага 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу — «хімію». Судзьдзя падтрымаў пракурора.
У сваім апошнім слове Богдан цалкам прызнаў віну, выбачыўся і паведаміў, што гатовы задаволіць матэрыяльныя прэтэнзіі. Аднак пры абвяшчэньні прысуду судзьдзя сказаў, што той віны не прызнаў.
Валер Богдан зьбіраецца абскардзіць прысуд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Яўгена Дзьмітрыева асудзілі на два гады калёніі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры гады калёніі за ўдары па капоце і сярэдні палец міліцыянту