Ці атрымалі беларусы прышчэпку ад аўтарытарызму? Як прадухіліць злоўжываньне ўладай і адначасна забясьпечыць цьвёрдую і эфэктыўную ўладу? Якая пабудова дзяржаўнай улады найлепш можа абараніць незалежнасьць?
Па гэтых пытаньнях у Праскім акцэнце спрачаюцца палітычны аналітык Сяргей Навумчык і прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.
Грамадзкая канстытуцыйная камісія прадставіла праект Канстытуцыі. Адзін зь кіраўнікоў камісіі — прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. 15 сакавіка 1994 году была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі. 15 сакавіка 2021 году быў абвешчаны склад афіцыйнай канстытуцыйнай камісіі.
Лябедзька
- Падчас абмеркаваньня праекту Канстытуцыі асаблівую грамадзкую цікавасьць выклікаюць пытаньні дзяржаўных моваў, сьмяротнага пакараньня і разьмеркаваньне ўладных паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады
- Многія за 26 гадоў так наеліся прэзыдэнцтва, што лічаць, што шчасьце прыйдзе, як толькі зьнікне інстытут прэзыдэнцтва
- У нашым праекце мы прадугледзелі парлямэнцкую сыстэму з прысутнасьцю інстытуту прэзыдэнцтва
- У нас ёсьць апанэнты і ад улады — Пятро Пятроўскі, і ад незалежнага грамадзтва — Міхаіл Пастухоў
- Павінен быць балянс галінаў улады, яны павінныя ўраўнаважваць адна адну
- Можна казаць, што беларусы летась атрымалі прышчэпку ад аўтарытарызму. Але гэтая чума можа нэўтралізаваць прышчэпку і вярнуцца
- Нам не хапае палітычнага досьведу жыцьця пры дэмакратыі
- Тое, што мы маем цяпер — гэта ня моцнае прэзыдэнцтва, гэта гіпэрпрэзыдэнцтва, такога няма нідзе ў Эўропе, няма такога ў цывілізаваным сьвеце
- З чыста парлямэнцкай сыстэмай мы можам трапіць таксама ў пастку
- Перавага Канстытуцыі 1994 году, за вяртаньне да якой выказалася большасьць апытаных плятформай «Голас», гэта галасаваньне супраць гіпэрпрэзыдэнцтва
- Канстытуцыя 1994 году — гэта прэзыдэнцкая рэспубліка, а мы за парлямэнцкую
- У выніку парлямэнцкай працы, дыскусіяў, абмеркаваньня камуністычная большасьць у 1991 годзе прагаласавалі за бел-чырвона-белы сьцяг і за «Пагоню»
- Канстытуцыя 1994 году можа разглядацца як Канстытуцыя транзыту
- Але нашая задача — прапанаваць Канстытуцыю новай Беларусі, памяняць сыстэму
- Замежнікі могуць купляць і прэзыдэнта, і яго атачэньне, і партыі, і дэпутатаў
- Небясьпека існуе ва ўсіх выпадках
Навумчык
- У 1994 годзе фракцыя БНФ не галасавала за Канстытуцыю, мы былі супраць прэзыдэнцтва
- Нам тады трэба было яшчэ некалькіх гадоў парлямэнцкай рэспублікі
- Свае хібы мае і чыста парлямэнцкая рэспубліка. Але і прэзыдэнцкая мае, і мы іх 26 гадоў маем
- Рэфэрэндум 1996 году быў дзяржаўным пераваротам
- Летась мы назіралі, як кіраўнік дзяржавы, які мае ўсе паўнамоцтвы, адмаўляў нават факт пандэміі
- А міністэрства здароўя малявала хлусьлівыя вынікі захворваньня і сьмерцяў
- У парлямэнцкай рэспубліцы прэм’ера б прыцягнулі да адказнасьці, магчыма, справа б дайшла да датэрміновых выбараў
- Я лічу аптымальным вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году
- У выніку парлямэнцкіх выбараў мы можам атрымаць зусім ня той вынік, на які спадзяюцца нацыянальна-дэмакратычныя сілы
- Але тое самае тычыцца і прэзыдэнцкіх выбараў
- Я мяркую, што павінная быць дзяржаўнасьць адной беларускай мовы. Гэта — трывалая гарантыя незалежнасьці