«Яны радуюцца, што даводзяць чалавека да такога», — былы палітвязень, прафэсар Бандажэўскі пра галадоўку як неэфэктыўны і разбуральны крок

Юры Бандажэўскі. 2013 год. Архіўнае фота.

Былы палітвязень, доктар мэдычных навук Юры Бандажэўскі ня лічыць галадоўку за кратамі эфэктыўным спосабам пратэсту і раіць цяперашнім палітычным вязьням, якія пайшлі на гэты крайні крок, адмовіцца ад галадоўкі і змагацца за свае правы іншым чынам.
  • Былы палітвязень, доктар мэдычных навук, колішні рэктар Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту прафэсар Юры Бандажэўскі адным зь першых у навуковым сьвеце адкрыў прычынна-выніковую сувязь паміж узьдзеяньнем дробных доз радыяцыі на арганізм чалавека і ўзьнікненьнем сур’ёзных захворваньняў. Быў арыштаваны ў 1999 годзе ў Гомлі. Свой арышт прафэсар зьвязвае з крытыкай на адрас уладаў за бязьдзейнасьць у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пасьля амністыі ў 2005 годзе Бандажэўскі зьехаў у Францыю, у 2007-м пераехаў у Літву, цяпер жыве і працуе ва Ўкраіне. Быў кіраўніком каардынацыйнага аналітычнага цэнтру «Экалёгія і здароўе» пад эгідай Эўрапарлямэнту. Беларускі навуковец займаўся арганізацыяй міжнароднага сындыкату па аказаньні прававой дапамогі ахвярам аварыяў на АЭС.


«Паказваць сваю слабасьць ня трэба»


Юры Бандажэўскі кажа Свабодзе, што ня верыць у спосаб барацьбы праз галадоўку і заклікае Ігара Лосіка, Ігара Банцэра і Зьмітра Фурманава спыніць галадоўкі пратэсту.

— Для тых, хто Ігара Лосіка туды пасадзіў, гэта найлепшая ўзнагарода. Яны радуюцца, што даводзяць чалавека да такай сытуацыі. Гэта нічога ня дасьць. Яго сіла, перакананьні, яго здароўе, яго націск — гэта сіла. А рэзаць вены і галадаваць — дрэнна з усіх бакоў.

Прафэсар Бандажэўскі кажа, што ён не прыхільнік галадовак за кратамі.

— Чалавек там знаходзіцца ў напружаньні, разгублены, у стрэсе, і калі яшчэ і галадаць... Ён губляе арыентацыю і каардынацыю. Нэрвовая сыстэма працуе дрэнна, ён не кантралюе сябе. А за кратамі чалавеку вельмі важна кантраляваць сябе. Калі ён галадае, гэта экстрэмальная сытуацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прэзэнтавалі кнігу «Турма і здароўе»

Былы палітвязень згадвае, што ніколі ня думаў пра галадоўку за кратамі.

— А яны чакалі, што я пачну панікаваць, што мне будзе зусім дрэнна. Адзін доктар мне казаў: «Не шукайце вяроўку», а я і не шукаў, таму што паказваць сваю слабасьць ня трэба. Трэба змагацца, трэба ведаць, што давядзецца шмат дзён прысьвяціць гэтаму. Калі чалавек абраў гэты шлях, ён павінен змагацца, а не дэманстраваць, што ён ужо скончыў бой. Так нельга.

Паводле прафэсара Юрыя Бандажэўскага, вельмі важная міжнародная падтрымка і шырокі розгалас пра справу палітвязьняў Беларусі.

— Тады чалавек пачынае разумець, што за яго лёсам сочаць ва ўсім сьвеце. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» праводзіць вялізарныя акцыі ў падтрымку палітвязьняў. Я вельмі ўдзячны гэтай арганізацыі, бо дзякуючы ёй я атрымліваў лісты з усіх краінаў сьвету. Атраднікі не пасьпявалі мне насіць гэтыя лісты, уся мая камэра была ў іх. Трэба, каб вязень быў не адзін, каб ён адчуваў, што за яго змагаюцца, яго падтрымліваюць у гэтым сьвеце. Я ўдзячны ўсім людзям, якія былі са мной салідарныя і дапамагалі мне выжыць у тых умовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці дапаможа вязьням дапаможнік Бандажэўскага?

Бандажэўскі катэгарычны ў ацэнцы — ён лічыць галадоўку праявай слабасьці, а ня сілы вязьня.

— Трэба сказаць яму: будзь мужчынам у гэтай сытуацыі і пастарайся выжыць, што б там ні было. Гэта будзе рашэньнем.


«Сухая галадоўка — страшная рэч»


Што адбываецца з арганізмам галадоўніка? Толькі шкода для здароўя, перакананы аўтар кнігі «Турма і здароўе» зь Бібліятэкі Свабоды.

— Гэта стрэсавая сытуацыя. Парушаюцца мэтабалічныя працэсы, адбываецца распад бялковай структуры. Гэта непажадана з усіх бакоў. Калі пачынаюць расказваць пра карысьць галадовак, я гэтаму ня веру. Галадоўка — шкода для арганізму. А сухая галадоўка — гэта страшная рэч. Любая галадоўка дрэнная, сухая — найбольш. Уявіце, калі ваду ў арганізм не даваць. Адбываецца распад бялку, бо чалавек не харчуецца, фэрмэнтная сыстэма не працуе, і няма вадкасьці, каб адпампоўваць шлакі, прадукты распаду.

Былы палітвязень заклікае неабыякавых людзей дапамагчы галадоўнікам празь лісты і розныя звароты.

— Чалавек у адчаі. Я разумею, што яму вельмі цяжка, ён пачынае шукаць выйсьця сам і ня бачыць яго. Дапамажыце яму. Хай пра гэта ўвесь сьвет ведае. Заклікайце, каб яму дапамагалі, дапамаглі выйсьці з гэтай сытуацыі. Яму трэба пісаць лісты, каб турму завалілі лістамі, каб пісалі ў органы, якія яго туды пасадзілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Натальля Хершэ спыніла галадоўку. Яшчэ тры вязьні працягваюць галадаць

Юры Бандажэўскі праз хваробу цяпер практычна не ўзаемадзейнічае з вонкавым сьветам. Ён просіць перадаць свае словы Ігару Лосіку.

— Перадайце яму мае пажаданьні, што трэба трымацца і не ісьці на гэты крайні крок. Тым больш вены рэзаць. Дзеля дачкі, жонкі трэба ўзяць сябе ў рукі. Што будзе добрага, калі ён загіне? Сям’і, дачцэ, усім астатнім? Толькі трагедыя і сьлёзы.Але я нікога не прымушаю. У жыцьці кожны выбірае свой шлях.

Былы палітвязень згадвае, як сам ледзь не памёр у турме.

Юры Бандажэўскі, папраўчая калёнія-паселішча № 26, пасёлак Гезгалы на Гарадзеншчыне, 2004 год.

— Я знаходзіўся ў дастаткова жорсткіх умовах. Былі асаблівасьці, розныя нюансы. І раптам, пры тым, што я еў дастаткова мала, у мяне разьвіўся апэндыцыт з сурʼёзным лякальным пэрытанітам. Калі б я сам сабе не дапамог — увесь час не патрабаваў, каб мяне паглядзелі і праапэравалі, то я б ня жыў. Ва ўмовах, калі ты спрабуеш выжыць, твой арганізм аслаблены, асабліва калі ты доўга за кратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рашучы, рыхтуецца да суду». Горадзенскі рок-музыка працягвае галадаць на сухую 13-ы дзень

«Мяне выратавала навука»


Прафэсар Бандажэўскі кажа, што за кратамі трэба быць увесь час занятым.

Юры Бандажэўскі і Сьвятлана Алексіевіч на Чарнобыльскай канфэрэнцыі ў Парыжы. 2008 год.

— Трэба пісаць нешта, над нечым працаваць, каб ня проста сядзець у адчаі і чакаць чагосьці. Нейкія дзеяньні павінны быць за кратамі. Можна пісаць дзёньнік пра тое, што адбываецца, свой аналіз сытуацыі рабіць. Мяне выратавала мая навука. Я быў увесь час пагружаны ў аналіз, дасьледаваў рэчы, зьвязаныя з рэгуляцыяй абмену рэчываў, парушэньнямі ў сувязі з чарнобыльскімі праблемамі. Нават кніга выйшла пасьля гэтага ў Францыі. Я не пераставаў над гэтым працаваць. У яго таксама ёсьць рэчы, якімі можна заняцца.

Былы палітзьняволены перакананы, што тыя, хто зьняволіў людзей, павінны бачыць моц палітвязьняў.

— Трэба верыць, што ты можаш вытрымаць і пайсьці далей. Слабасьць у турме нельга паказваць. Там гэта ніхто не ацэніць. І ніхто рукі не працягне. Трэба быць моцным і ўраўнаважаным чалавекам. Трэба шукаць спосабы гэтага дасягнуць — псыхалягічныя, нейкія іншыя. Родныя і сямʼя павінны дапамагчы. Нельга кідаць чалавека ў гэты момант, яму трэба дапамагчы…

Пасьля таго як інтэрвію з прафэсарам Бандажэўскім было запісана, стала вядома, што Ігар Лосік спыніў сухую галадоўку.