Больш за 8 гадоў зьняволеньня прысудзілі гальшанцу за перапіску ў чаце

Ілюстратыўнае фота.

15 сакавіка суд Смаргонскага раёну агучыў прысуд у крымінальнай справе супраць жыхара мястэчка Гальшаны Івана Вярбіцкага.

Мужчыну абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах: падбухторваньне да акту тэрарызму, незаконныя набыцьцё, захоўваньне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама зьнішчэньне афіцыйных дакумэнтаў.

Справу разглядала судзьдзя Людміла Пятрова, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Сяргей Кавальчук, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіў для зьбітага пры затрыманьні архітэктара тры гады «хіміі»

Згодна з матэрыяламі справы, 14 кастрычніка 2020 году ў мэтах «дэстабілізацыі грамадзкага парадку Вярбіцкі разьмясьціў у адной з груп паведамленьні з заклікамі да пашкоджаньня „кактэйлямі Молатава“ будынку КДБ і пракуратуры Ашмянскага раёну. У той жа дзень у Telegram-канале пад нікам „Dimon D“ ён заклікаў зьнішчаць маёмасьць супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

15 сакавіка Іван Вярбіцкі выступіў з апошнім словам, прызнаўшы віну толькі ў пашкоджаньні пастановы на ператрус. Таксама прапанаваў суду пачаць крымінальную справу супраць дзяржаўнага абвінаваўцы Кавальчука, які першапачаткова прасіў для яго 9,5 года калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Несанкцыянаванае частаваньне блінамі». Вядомага фатографа выклікалі ў міліцыю за Масьленіцу на ягоным падворку

Выніковы вырак:

  • за падбухторваньне да акту тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК) — 8 гадоў калёніі
  • за зьнішчэньне пастановы на ператрус (ч. 1 арт. 377 КК) — 2 месяцы калёніі
  • за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (арт. 295 КК) — апраўданы.

Канчатковае пакараньне — 8 гадоў і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму.