Чыю палітычную волю увасабляе праект Канстытуцыі Ціханоўскай-Лябедзькі? Якая пазыцыя наконт гэтага праекту іншых суб’ектаў палітычнага працэсу? Якія паўнамоцтвы павінен мець прэзыдэнт Беларусі? Наколькі ўдалая фармулёўка, у якой праект вырашае пытаньне статусу моваў у дзяржаве?
Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць юрыст, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў і ІТ-прадпрымальнік, чалец Каардынацыйнай Рады Максім Баграцоў.
Баграцоў
- Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а экспэрты, такія як Міхаіл, застаюцца.
- У нас ёсьць улада, абсалютна зразумела якая. Ніхто нашую Канстытуцыю не чакае. І сёньня няма ніякай каардынацыі паміж канстытуцыйным працэсам, абвешчаным Лукашэнкам, і тым, што рабіла група пад кіраўніцтвам Лябедзькі.
- Праект, распрацаваны пад кіраўніцтвам Лябедзькі — гэта прадмет абмеркаваньня, гэта не фінальны варыянт штабу Ціханоўскай.
- У розных групаў будуць розныя падыходы жа шэрагу пытаньняў, скажам, да сьмяротнага пакараньня ці да бел-чырвона-белага сьцягу.
- З самай добрай Канстытуцыяй можа спалучацца кепскае праваўжываньне.
- Я чуў, што Канстытуцыя 1994 году ў значнай ступені запазычыла прынцыпы Канстытуцыі ЗША.
- Але важная ня толькі літара закону, Канстытуцыі, але і каштоўнасьці насельніцтва.
- У ЗША за 26 гадоў былі прэзыдэнты Клінтан, Буш, Абама, Трамп, вось зараз Байдэн, а ў нас увесь гэты час адзін Лукашэнка.
- Я ўпэўнены, што сёньня беларускі народ патрабуе, каб у краіне панавалі дэмакратычныя прынцыпы, каб парлямэнт меў рэальную ўладу.
- У апытаньні «Голасу» наконт прынцыпаў Канстытуцыі ўзялі ўдзел прыкладна 500 тысячаў чалавек.
- Самыя вялікія супярэчнасьці былі наконт пытаньня аб статусе моваў.
- Гэта зрэз меркаваньня ладнай часткі насельніцтва Беларусі.
- Канстытуцыя павінная ўключаць у сябе палажэньні, якія нас абʼядноўваюць.
- Тыя, хто прыняў удзел у галасаваньні на «Голасе» — гэта пратэстная аўдыторыя.
- За дзьве дзяржаўныя мовы прагаласавалі 82%, за дзяржаўнасьць адной беларускай мовы — 17%.
- Давайце не ўцягваць у палітыку тыя пытаньні, якія нас разьядноўваюць, а не абʼядноўваюць.
- Трэба зрабіць так, каб чалавек, які гаворыць па-беларуску, не адчуваў сябе ў Беларусі чужым. Але ня трэба рабіць чужымі астатніх.
- Беларуская мова не павінная быць дыскваліфікаваная, павінная быць магчымасьць камунікаваць зь дзяржаўнымі органамі на беларускай мове.
- Але фактычна большая частка насельніцтва краіны сёньня камунікае на расейскай.
- Такія пытаньні ўводзяць нас ад асноўных пытаньняў парадку дня — дэмакратыі і дабрабыту.
Пастухоў
- Я чалец грамадзкай канстытуцыйнай камісіі, я намесьнік старшыні камісіі — Мечыслава Грыба, Анатоль Лябедзька таксама быў намесьнікам старшыні.
- У далейшым нашыя падыходы разышліся, я быў за тое, каб вярнуць Канстытуцыю 1994 году, на яе аснове правесьці выбары ў парлямэнт — Вярхоўны Савет.
- Лябедзька, як прадстаўнік Ціханоўскай, выступіў за тое, каб падрыхтаваць новую Канстытуцыю на базе Канстытуцыі 1994 году.
- Я гэты падыход не падтрымаў.
- Чальцы групы Лябедзькі кажуць, што калі іх прапановы будуць прынятыя, палітычная пабудова Беларусі будзе падобнай на Літву ці Польшчу.
- З 26 паўнамоцтваў, якія меў прэзыдэнт паводле Канстытуцыі 1994 году, у праекце Лябедзькі пакінулі 23, па вялікім рахунку ўсе асноўныя паўнамоцтвы засталіся.
- Пры рэалізацыі гэтага праекту Беларусь будзе заставацца моцнай прэзыдэнцкай рэспублікай.
- Я аддаю перавагу інстытуту прэзыдэнта з вузкім колам паўнамоцтваў, якога можа абіраць парлямэнт.
- Рэфэрэндум стаў інструмэнтам маніпуляцыі ў руках улады.
- Але і цяпер група Лябедзькі выступае за прыняцьцё Канстытуцыі на рэфэрэндуме, гэта абсурд.
- Канстутуцыю павінен прымаць парлямэнт.
- Я выступаю супраць двухмоўя, дзяржаўнай мовай у Беларусі павінная быць адна беларуская мова.
- Так было напісана і ў Канстытуцыі 1994 году, і ў дэклярацыі ад сувэрэнітэце, і ў законе аб мовах.
- Кожны супрацоўнік дзяржапарату павінен валодаць беларускай мовай, расейская мова павінная застацца мовай міжнацыянальных зносінаў.
- Гэтае пытаньне нельга адкладаць на будучыню, інакш беларуская мова можа адмерці.
- Мы павінныя ратаваць беларускую мову.