Віцебскі доктар пракамэнтаваў дыялёг Лукашэнкі зь міністрам: «Перабоі з кіслародам дагэтуль здараюцца»

Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Дзьмітры Піневіч прызнаў у размове з Аляксандрам Лукашэнкам 12 сакавіка, што ў Віцебскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі (БХМД) былі «невялікія перабоі» з падачай кіслароду.

Піневіч адказваў на пытаньне Лукашэнкі пра інтэрвію, якое Ўладзімер Мартаў, былы загадчык аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі БХМД, даў парталу TUT.BY. Фрагмэнт размовы Лукашэнкі зь Піневічам апублікаваў тэлеграм-канал «Пул Первого».

Мартаў у згаданым інтэрвію сказаў, што ў пачатку студзеня ў бальніцы адбылося надзвычайнае здарэньне з кіслародам. У хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду — на 15, 20 і 23 хвіліны. Сталі паміраць людзі. «Нехта памёр у тыя ж дні, хтосьці — на наступны дзень, хтосьці — праз 3–5 дзён», — казаў Мартаў. Ён не назваў дакладную колькасьць памерлых, але паведаміў, што гэта быў «не адзін і ня два чалавекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Закупляць вадамёты было важней, чым рыхтавацца да другой хвалі». Віцебскі доктар Мартаў расказаў, чаму яму не падоўжылі кантракт

«Ну, калі там палітыка, то, значыць, трэба на месца чалавека ставіць», — сказаў Лукашэнка Піневічу. «Паставім», — адказаў Піневіч.

Доктар Мартаў пракамэнтаваў у Фэйсбуку выказваньне міністра Піневіча. Паводле яго, менавіта зварот да міністра з нагоды надзвычайнага здарэньня паслужыў прычынай ягонага звальненьне, а перабоі з падачай кіслароду пэрыядычна здараюцца дагэтуль. «Для пацыентаў з крайняй ступеньню залежнасьці ад кіслароду нават невялікі перабой цяжка пераносіцца. А ўжо 20 хвілін!»